У Беларусі неабходна сфарміраваць дакладны механізм стварэння кааперацыйна‑інтэграцыйных структур у АПК. Аб гэтым заявіў сёння прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ў Мінску на нарадзе ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, дзе абмяркоўваліся пытанні фарміравання кааперацыйна‑інтэграцыйных структур у АПК.

Сяргей Сідорскі нагадаў, што кіраўніком дзяржавы дадзена даручэнне прадоўжыць фарміраванне такіх структур у АПК, уключыўшы ў іх сельгасарганізацыі, прадпрыемствы малочнай, мясной, піваварнай галін.

«Гэта ў поўным сэнсе павінны быць добра развітыя камерцыйныя структуры», — падкрэсліў Сяргей Сідорскі. Ствараць такія структуры неабходна з выкарыстаннем вопыту міжнародных кампаній, айчынных і замежных вытворцаў і інвестараў, якія здольны прывесці капітал, найноўшыя тэхналогіі ў гэтыя структуры, забяспечыць збыт.

У Беларусі працэс стварэння кааперацыйна‑інтэграцыйных структур на базе гаспадарак перапрацоўчых прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу вядзецца з 2000 года. Паспяхова ўжо дзейнічае некалькі такіх аб’яднанняў. Гэта агракамбінаты «Дзяржынскі» і «Сноў», саўгас‑камбінат «Зара», «Гроднахлебапрадукт». Асаблівасці стварэння такіх структур у тым, што сабраны разам вытворчасць, перапрацоўка і рэалізацыя прадукцыі. Фінансава‑эканамічныя паказчыкі такіх структур сведчаць, што яны добра адаптаваны да рыначнай эканомікі. Рэнтабельнасць па асобных структурах складае больш як 30 працэнтаў.

Прэм’ер‑міністр таксама падкрэсліў неабходнасць стварэння кааперацыйна‑інтэграцыйных структур у канцэрне «Белдзяржхарчпрам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?