Старшыню апальнага Саюзу палякаў выклікалі на допыт па справе ананімнага ліста, у якім яе вінавацяць у распаўсюдзе польскага нацыяналізму, патуранні беларускай апазіцыі і фінансавых парушэннях.

Анжаліку Борыс 13 жніўня выклікалі ў РУУС Ленінскага раёну Гродна на допыт. Нагодай стаў ананімны ліст, у якім старшыню Саюзу вінавацяць у распаўсюдзе польскага нацыяналізму на тэрыторыі Беларусі, патуранні беларускай апазіцыі — СПБ рэгулярна дапамагае з памяшканнем гродзенскім сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі і незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Акрамя таго, у лісце Борыс абвінавачвалі ў фінансавых махінацыях. Што праўда, тут не было ніякай канкрэтыкі.

Як паведаміла «НН» Анжаліка Борыс, насамрэч ліст быў падпісаны імем і прозвішчам аднаго з сяброў СПБ.
«Гэта Эдмунд Дысько, яго ўжо выклікалі ў міліцыю, дзе ён патлумачыў, што не мае да ліста ніякага дачынення» — патлумачыла спадарыня Борыс. Па яе словах, Э. Дысько ўжо напісаў скаргі ў праваахоўныя органы. Яна мяркуе, што аднаўленне практыкі правакацый супраць кіраўніцтва апальнага саюзу можна патлумачыць падрыхтоўкай чарговага з’езду праўладнага саюзу палякаў.
Напрыканцы ліста ягоны «аўтар» прасіў «разабрацца і паўплываць». Кастрычніцкі РУУС вырашыў не адкладаць праверку у доўгую скрыню.
«Мне патэлефанавалі адтуль і паведамілі, што будуць правяраць фінансавую дзейнасць фірмы «Палоніка», якой я кірую» – распавяла А. Борыс. Сёння ж ёй патэлефанаваў ананім і настойліва параіў прыняць «аптымальнае рашэнне» наконт дзейнасці «Палонікі», інакш яе «ліквідуюць у выніку праверкі». Кіраўніца саюзу паспрабавала высветліць па тым нумары, хто ёй тэлефанаваў, але ўжо іншы мужчына запэўніў, што нічога не ведае.

Гэта не першая правакацыя супраць кіраўніцтва СПБ. У лютым у Сапоцкіне, што ў Гродзенскім раёне, з’явіліся ўлёткі, зробленыя на бланку Саюза палякаў у Беларусі, якія заклікаюць беларускіх палякаў прафінансаваць з’езд СПБ. У сакавіку ў паштовыя скрынкі ў доме, дзе жыве старшыня Саюзу палякаў, невядомыя раскідалі вырабленыя ў фоташопе здымкі парнаграфічнага зместу з яе ўдзелам.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0