Ваўкавыскі раённы суд перагледзеў справу 8 сябраў АГП і апраўдаў іх. У дачыненьні да міліцыянтаў, якія складалі пратаколы, вынесена прадстаўленьне на імя кіраўніка РАУС з тым, каб той вырашаў, да якой адказнасьці іх прыцягваць — крымінальнай ці адміністрацыйнай.

Яшчэ 8 чэрвеня Ваўкавыскім раённым судом былі асуджаныя 8 сябраў АГП, якія на мясцовым рынку правялі акцыю ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча: яны трымалі ў руках ягоныя фота.

Юры Істоміну прысудзілі 20 базавых велічынь за ўдзел у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, шасьці ўдзельнікам — па дзьве базавыя велічыні. Суд над яшчэ адным актывістам не адбыўся.

Ніхто зь сябраў АГП не прызнаў сябе вінаватым, а ў абласным судзе прысуд адмянілі, бо ў працэсе высьветлілася, што міліцыянты апытвалі сьведкаў празь некалькі дзён і ўпісвалі іхнія сьведчаньні ў пратаколы, якія ўжо былі падпісаныя затрыманымі. Справу адправілі на перагляд.

Сьведкі, якіх падчас акцыі, са слоў Істоміна, ніхто ня бачыў, так і не змаглі патлумачыць суду, у чым палягала падтрымка Аўтуховіча. Да таго ж усе яны — супрацоўнікі райвыканкаму.

Вось як пракамэнтаваў рашэньне суду Юры Істомін:

«Мы ўжо адвыклі ад такога фармату вынясеньня рашэньняў судом. Для мяне асабіста гэта нечакана, і я ня ведаю, чаму так адбылося. З пункту гледжаньня псыхалягічнага — гэта нечакана. А з пункту гледжаньня матэрыяльнага, дакумэнтальнага, працэсуальнага — такое рашэньне больш‑менш адпавядае рэчаіснасьці».

Нагадаю, што сяброў АГП затрымалі 16 траўня за тое, што яны арганізавалі насупраць цэнтральнага рынку ў Ваўкавыску ланцуг неабыякавых людзей і трымалі ў руках партрэты Мікалая Аўтуховіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?