Беларуская каманда заняла 2‑е месца ў медальным заліку на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ, які завяршыўся 16 жніўня ў Канадзе (Галіфакс).

Беларускія весляры заваявалі 7 залатых мадалёў.

Столькі ж у актыве зборнай Германіі, якая, акрамя таго, атрымала яшчэ 8 сярэбраных і 3 бронзавыя ўзнагароды. У дзесятку лепшых увайшлі таксама спартсмены Венгрыі — 5 залатых, 4 сярэбраныя і 2 бронзавыя медалі, Іспаніі (2, 1, 1), Расіі (1, 5, 3), Францыі (1, 2, 5), Італіі (1, 1, 1), Азербайджана (1, 1, 1), Польшчы (1, 1, 0) і Канады (1, 0, 3). Усяго медалістамі станавіліся атлеты 22 краін.

У балавым заліку беларуская дружына заняла 9‑е месца сярод 63 краін (319 балаў). Наперадзе зборныя Венгрыі — 684, Германіі — 681 і Канады — 593.

У алімпійскіх дысцыплінах беларусы на 12‑й пазіцыі (135 ачкоў). У лідэрах тут Германія (323), Венгрыя (293) і Іспанія (252). У неалімпійскіх дысцыплінах Беларусь на 8‑м месцы (184 ачкі). Наперадзе Венгрыя (391), Германія (358) і Канада (349).

Аднак па эфектыўнасці беларуская каманда стала ледзь не лепшай на сусветным першынстве, бо па колькасці спартсменаў яна прыметна ўступала многім зборным, да таго ж была прадстаўлена пераважна толькі ў мужчынскіх спаборніцтвах.

Нагадаем імёны беларускіх трыумфатараў чэмпіянату свету:

байдарка‑чацвёрка на алімпійскай дыстацыі 1000 м (Раман Петрушэнка, Вадзім Махнёў, Аляксей Абалмасаў і Артур Літвінчук);

неалімпійская каноэ‑чацвёрка на дыстанцыі 1000 м (Дзяніс Гаража, Дзмітрый Рабчанка, Дзмітрый Вайцішкін і Аляксандр Валчэцкі);

байдарка‑двойка Рамана Петрушэнкі і Вадзіма Махнёва на алімпійскай дыстанцыі 500 м і на неалімпійскай 200 м;

Дзяніс Гаража ў спаборніцтвах каноэ‑адзіночак на алімпійскай дыстанцыі 500 м;

каноэ‑чацвёрка ў складзе Андрэя і Аляксандра Багдановічаў, Дзмітрыя Рабчанкі і Аляксандра Валчэцкага на неалімпійскай дыстанцыі 200 м;

байдарка‑чацвёрка (Раман Петрушэнка, Вадзім Махнёў, Аляксей Абалмасаў і Артур Літвінчук) на неалімпійскай дыстанцыі 200 м.

Сяргей Вішнеўскі, БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0