18 жніўня завяршылася юрыдычная працэдура афармлення выхаду Грузіі са складу Садружнасці Незалежных Дзяржаў. З сённяшняга дня краіна не з’яўляецца членам гэтай рэгіянальнай арганізацыі, створанай у 1991 годзе дванаццаццю постсавецкімі рэспублікамі.

Пра выхад краіны з СНД МЗС Грузіі паведаміла нотай Выканкаму Садружнасці 18 жніўня 2008 года, у прыватнасці пра пастановы парламента ад 14 жніўня, згодна з якім спынілі дзеянне ў адносінах да Грузіі Пагадненне аб стварэнні СНД ад 8 снежня 1991 года, Статут СНД ад 22 студзеня 1993 года і Пагадненне аб стварэнні эканамічнага саюза ад 24 верасня 1993 года. Аб тым, што Грузія выходзіць з СНД, абвясціў 12 жніўня на мітынгу ў Тбілісі прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі у знак пратэсту супраць уваходжання расійскіх войск на тэрыторыю Паўднёвай Асеціі.

Артыкул 9 Статута СНД гаворыць: «Дзяржава‑член мае права выйсці з Садружнасці. Пра такі намер дзяржава‑член паведамляе пісьмова дэпазітарыю сапраўднага Статута за 12 месяцаў да выйсця. Абавязацельствы, якія ўзніклі ў перыяд удзелу у дадзеным Статуце, звязваюць адпаведныя дзяржавы да іх поўнага выканання».

19 жніўня 2008 года грузінскі бок афіцыйна заявіў пра намер застацца ўдзельнікам шэрагу дагавораў і пагадненняў, падпісаных у межах Садружнасці. Як патлумачылі БелаПАН у Выканкаме, гэта можа датычыць толькі дакументаў з адкрытым суб’ектным складам.

Паводле дадзеных на 18 жніўня 2008 года, Грузія з’яўлялася ўдзельніцай 598 з 1.317 прынятых у СНД дакументаў; з іх 112 дагавораў і пагадненняў былі падпісаныя на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў урадаў і толькі 76 маюць адкрыты суб’ектны склад, астатнія 36 — абмежаваны суб’ектны склад.

Як напярэдадні паведаміў БелаПАН дырэктар арганізацыйнага дэпартамента Выканкама СНД Сяргей Камянецкі,

тэхнічна выхад Грузіі са складу Садружнасці ў яго мінскай штаб‑кватэры будзе аформлены ў выглядзе зняцця сцягоў гэтай краіны ў вялікай зале і фае будынка на Кірава,17.

Першы намеснік выканаўчага сакратара СНД Уладзімір Гаркун адмовіўся БелаПАН пракаментаваць выхад Грузіі са складу Садружнасці.

Сайт Выканаўчага камітэта СНД пакуль застаецца ў ранейшым выглядзе — сярод сцягоў дзяржаў — удзельніц ёсць і сцяг Грузіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?