Прыцягненне ўвагі міжнароднай супольнасці да апошніх гучных фактаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і, у прыватнасці, да судовага працэсу над актывістамі «Партнерства» было абмеркавана сёння падчас сустрэчы лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча з амбасадарамі краін Еўрасаюзу, акрэдытаванымі ў Беларусі. Аляксандр Мілінкевіч у сваім звароце да еўрапейскіх дыпламатаў казаў аб неабходнасці міжнароднай салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі.
Дыпламаты адзначылі, што ў межах сваіх паўнамоцтваў, будуць актыўна адсочваць хаду судовага працэсу над актывістамі «Партнерства»:
— Кіраўнікі дыпмісій выказалі спадзяванне, што суд усебакова і дакладна разгледзіць усе аспекты крымінальнай справы і дасць ёй справядлівую ацэнку. Мяне запэўнілі, што цягам усяго судовага працэсу прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу будуць уважліва назіраць за падзеямі вакол суда. Былі таксама выказаныя самыя цёплыя словы падтрымкі сем’ям палітзняволеных, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
Па словах лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл, амбасадары краін Еўрасаюза яшчэ сёння маюць намер звярнуцца ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь з просьбай забяспечыць ім магчымасць прысутнічаць на судовым працэсе актывістаў «Партнерства».
Нагадаем, што суд над актывістамі «Партнерства» Аляксандрам Шалайкам, Энірай Браніцкай, Мікалаем Астрэйкам ды Цімафеем Дранчуком пачнецца 28 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна г.Мінска. Судовы працэс, паводле рашэння суддзі, будзе закрытым для грамадскасці.
Прэс-служба Аляксандра Мілінкевіча