Фота Анатоля Клешчука.

Фота Анатоля Клешчука.

Праваслаўныя святкуюць 19 жніўня, Перамяненне Гасподняе — або Яблычны Спас.

Незадоўга да Галгофы, Ісус Хрыстос узняўся з трыма апосталамі — Пётрам, Якубам і Янам — на гару Табор у Галілеі, дзе «перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, быццам сонца, а вопратка сталася белай як святло». Апосталы пабачылі, як прарокі Ілля і Майсей гавораць са Збаўцам. «І вось светлая хмара пакрыла іх, і з хмары быў чутны голас, які казаў: «Гэта Сын Мой любы, якога Я ўспадабаў: Яго слухайце!», ‑‑ стаіць у Евангеллі.

Лічыцца, што на Таборы Хрыстос упершыню паказаў людзям Сваю Боскую сутнасць. Вучні асэнсавалі, што перад імі не проста прарок, але сам Госпад. Лічыцца, што сённяшняе свята нагадвае вернікам пра неабходнасць духоўнага перамянення і ўдасканалення.

На Спаса у цэрквах свянцалі яблыкі і іншую садавіну. У гэтае свята робіцца паблажка тым, хто трымаецца Спленскага посту — дазволена спажываць рыбу і віно.

nn.by

19 жнiўня — Другi Спас: Яблычны, Спасаўка, Іспас

Прыйшоў Пятрок — апаў лiсток, прыйшоў Iлья — апала два, прыйшоў Спас — пайшло лета ад нас.

    Калi буслы не адлятаюць да Спаса, то зiма будзе мяккая i цёплая.
    Прыйшоў Iспас — бяры рукаўкi ў запас.
    Другi Спас шубу прыпас.
    Якi другi Спас, такi i студзень.
    Калi буслы не адлятаюць да Спаса, то зiма будзе мяккая i цёплая.
    Прыйшоў Iспас — бяры рукаўкi ў запас.
    Другi Спас шубу прыпас.
    Якi другi Спас, такi i студзень.

Яблычны Спас. У абрадавай практыцы славян ушанаванне яблыкаў знайшло адлюстраванне ў адным з галоўных святаў, якое заканчвала цыкл летнiх сельскагаспадарчых работ.

Старадаўнiя паданнi сведчаць, што ў дзень Яблычнага Спаса Гасподзь адор‑вае душы ўсiх памерлых дзяцей райскiмi яблыкамi — першымi пладамi новага ўраджаю.

Адсюль узнiкла рэгламентуючае правiла ў жыццi жанчын, у якiх памерлi дзецi. Iм забаранялася есцi яблыкi новага ўраджаю да Яблычнага Спаса, каб спачатку «на тым свеце» Гасподзь пачаставаў дзетак райскiмi яблычкамi, i толькi пасля гэтага жанчыны маглi есцi яблыкi самi. Таму жанчыны, якiя страцiлi дзяцей, ранiцай 19 жнiўня павiнны былi сарваць некалькi яблыкаў, аднесцi iх у храм, асвяцiць, занесцi на могiлкi i пакласцi на магiлы памерлых дзяцей i толькi пасля гэтага маглi есцi iх самi. У тым выпадку, калi магiла дзiцяцi далёка цi нават невядома дзе знаходзiцца, неабходна было асвечаны яблык пакласцi на любую дзiцячую магiлу цi пакiнуць iх у храме.

Iснавала павер’е, што на тым свеце дзецям, бацькi якiх да Другога Спаса не ядуць яблыкi, даюць падарункi (сярод якiх i райскiя яблыкi), а тым дзецям, бацькi якiх пакаштавалi яблыкаў — не.
Таму бацькi, асаблiва тыя, у якiх памерлi дзецi, лiчаць вялiкiм грахом есцi яблыкi да Другога Спаса.

У гэты дзень асвечаныя яблыкi неслi на могiлкi i клалi на магiлы ўсiм памерлым продкам.

У гэты дзень у царкве асвячалi плады новага ўраджаю, мёд, хлебнае калоссе: «Спас — усяму час». I сёння ад старых людзей можна пачуць: да Другога, Яблычнага Спаса, нельга есцi нiякiх пладоў, акрамя агуркоў. I толькi пасля асвячэння ў храме дазваляецца ўжываць у ежу яблыкi, грушы, слiвы i iнш. Асвечаныя каласы i насенне захоўвалi да наступных засевак.

У старадаўнiя часы ў вёсках i гарадах было прынята ў гэты дзень везцi вазамi яблыкi ў царкву.

Каля цэркваў доўгiмi радамi стаялi яблычныя падводы, узнiкалi яблычныя базары, кiрмашы. Святары выходзiлi i асвячалi яблыкi ў вазах i яблычных гандлёвых радах.

Здавён вядома традыцыя, калi багатыя людзi, якiя мелi вялiкiя сады, частавалi яблыкамi бедных, хворым дасылалi iх да хаты. З тымi, хто не выконваў гэтага звычаю, грэбавалi нават размаўляць.

У дзень Яблычнага Спаса запякалi яблыкi, пяклi пiрагi, блiны з яблыкамi, грыбамi i ягадамi — з усiм, чым адорвае нас агарод, сад, лес. Пiрагi для гэтых святаў пяклi заўсёды з поснага цеста.

Аксана Катовіч, Янка Крук, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0