«Мы адпрацавалі дванаццаць месяцаў. Кантракт доўжыўся ад жніўня летась, і яго тэрмін скончыўся», — заявіў лорд Цімаці Бэл у інтэрв’ю EUobserver.

Кіраўнік брытанскага піяр‑агенцтва Bell Pottinger Group адмовіўся даваць больш шырокую інфармацыю. Паводле выдання, надалей Лукашэнка збіраецца сам займацца сваім іміджам, без парадаў з боку заходніх экспертаў.

У адным з мінулых інтэрв’ю сайту лорд Бэл станоўча ацэньваў вынікі сваёй працы ў Беларусі. «Вельмі гасцінны, вельмі прыемна было з імі працаваць», — зазначае англічанін.

У свае заслугі Бэл паставіў тое, што цягам году Лукашэнка даў інтэрв’ю такім уплывовым выданнем як Finacial Times і Frankfurter Allgemeine Zeitung. Лорд таксама ўхваліў з’яўленне на афіцыйных фотаздымках Лукашэнкі разам з малодшым сынам Колем.

За апошні год назіралася істотнае пацяпленне ў беларуска‑еўрапейскіх стасунках. У кастрычніку 2008 году былі адмененыя візавыя санкцыі супраць Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў. Кіраўнік Беларусі наведаў Рым і Ватыкан, а таксама быў запрошаны на пражскі саміт «Усходняга партнёрства».

Бел вядомы ў Вялікабрытаніі па працы на прэм’ер‑міністра краіны Маргарэт Тэтчэр у 1980‑ыя гады. Кліентамі піяршчыка былі экс‑прэм’ер Тайланду Таксін Чынаўат, манархі Саудаўскай Аравіі. Цяпер Бел кансультуе вядомага расійскага алігарха Барыса Беразоўскага, які жыве ў Лондане.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?