Сяргей Мартынаў, фота Юліі Дарашкевіч.

Сяргей Мартынаў, фота Юліі Дарашкевіч.

Ён здаваўся драбнейшым і за Антановіча, і за Латыпава, і нават за забытага сёння Сянько. Але менавіта на яго долю выпалі лаўры міністра, які знайшоў супольную мову з Захадам. Пра Сяргея Мартынава піша Аляксандр Фядута.

У Сяргея Мартынава, які ўзначальвае беларускае Міністэрства замежных справаў, — дыплом Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных зносін. Цалкам прыстойная навучальная ўстанова — а ў савецкіх «невыязных» умовах і зусім элітная. Як патрапіў туды сціплы хлопчык, які нарадзіўся ў 1953 г. у Ленінакане, я не ведаю.

Як не ведаю і таго, чаму яго накіравалі ў 1975 годзе працаваць у МЗС чужой яму БССР. У нашай рэспубліцы і ў складзе СССР было ўласнае міністэрства падобнага кшталту, якое нічога не вырашала, аднак давала магчымасць трапляць за мяжу. Але гэта толькі з пункту гледжання мінчука было перавагай. Выпускнік кузні кадраў савецкай дыпламатыі добра разумеў, што Мінск — глухмень. Ён у марах студэнцкіх бачыў сябе ў пасольскім мундзіры, а яму даводзілася гібець ва ўсведамленні ўласнай бесперспектыўнасці. Хоць ён добра вучыўся! Вывучыў англійскую, французскую і нават суахілі!

Да 1991 года Сяргей Мартынаў цягнуў лямку ў кулуарах беларускага МЗСа. І нічога яму не свяціла. Столь — месца намесніка прадстаўніка БССР у ААН — была дасягнутая. Але тым часам «Саюз непарушны» разваліўся, рэспублікі разбегліся і праца ў МЗС набыла сэнс.

Салодкі пах суверэнітэту

Пётр Краўчанка, стваральнік той машыны, якая прэзентуе сёння Беларусь на міжнароднай арэне, у сваіх з’едлівых успамінах апісвае, як здзівіўся Вячаслаў Кебіч, калі замест прапанаванага яму віцэ‑прэм’ерскага партфеля Краўчанка папрасіў пасаду кіраўніка МЗС. Навошта?! Кебіч не паспеў яшчэ адчуць, што ў паветры лётаў салодкі пах суверэнітэту.

У 1992 годзе Краўчанка прызначыў Мартынава часовым павераным у справах Беларусі ў ЗША. Сяргей Мікалаевіч ужо працаваў у Нью‑Ёрку у прадстаўніцтве пры ААН. Пасольства ж у Вашынгтоне трэ было ствараць з нуля. Мартынаў быў не пачаткоўцам у адміністрацыйна‑дыпламатычных пытаннях: семнаццаць гадоў працы стаялі за плячамі. У 1993 годзе стараннасць Сяргея Мартынава было ўзнагароджаная рангам пасла. А вельмі паспяховы візіт прэзідэнта Біла Клінтана ў Мінск 15 студзеня 1994 года замацаваў за паслом Беларусі ў ЗША рэпутацыю «дасведчанага і таленавітага дыпламата». Будучыня здавалася амаль бясхмарнай.

Але ўлетку таго ж 1994 года беларускі народ здзейсніў такі рашучы выбар на карысць светлага мінулага, што добрасумленны дыпламат Мартынаў завагаўся: а ці меў ён рацыю, калі ідэалізаваў суверэнную будучыню, а не савецкае мінулае? Народ — ён жа творца ўласнай гісторыі. Яму ж відней.

І хлопчык з Ленінакана застаўся служыць беларускаму народу.

І служыў, застаючыся паслом Беларусі ў ЗША падчас рэферэндуму 1995 года і замяніўшы, у адпаведнасці з народным, хм‑хм, рашэннем, гістарычную сімволіку на неасавецкую. І пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года ён заставаўся на месцы. Ён жа дыпламат — толькі агучвае выбар свайго народа.

Пасля гэтага рэферэндуму новы міністр Іван Антановіч рашуча папрасіў прэзідэнта пазбавіць яго ад Валерыка Цапкалы на пасадзе першага намесніка кіраўніка МЗС. На яго месца, па прапанове Антановіча, быў прызначаны Мартынаў.

І ён вярнуўся, як заўсёды, дыпламатычна карэктны, стрыманы, пасівелы. Мінулае, выконваючае абавязкі будучыні, бачылася яму поўным перспектываў і нагадвала арнамент на чырвона‑зялёным дзяржаўным сцягу (адмыслоўцы‑этнографы сцвярджаюць, што арнамент гэты сімвалізуе ціхі і мірны скон; але — казаць сур’ёзна не бяруся…).

Аляксандр Фядута

Цалкам чытайце артыкул у свежым нумары «Нашай Нівы». «НН» з’яўляецца ў кіёсках «Белсаюздруку» ў Мінску ў сераду ад абеду, у рэгіёнах — ад чацвярга ранку.

А найлепш — падпісвайцеся!

Раней у праекце «Палітбюро-2009»:
Задачка з адным невядомым: Леанід Анфімаў
Класік урадавай думкі: Міхаіл Мясніковіч
Чалавек без якасцяў: Зянон Ломаць
Бацька хрышчонага сына: Андрэй Кабякоў
Кандыдат на ўсе вакансіі. Уладзімір Сямашка.
Будаўнік у банку. Пётр Пракаповіч.
Чалавек-невідзімка. Сяргей Ткачоў
Генерал мірнага часу: Юры Жадобін
Русалка ў аблоках: Наталля Пяткевіч.
Новы твар: Уладзімір Макей

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0