Служба бяспекі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь апякае свайго кліента на 37 мільярдаў рублёў у год. Гэта на 2 мільярды болей выдаткаў краіны на парламент.

У гэты цяжкі час кожны, чым можа, дзяржаве дапамагчы абавязаны. А іначай прымусяць. Я вырашыў у рамках асабістай дапамогі бюджэт «упарадкаваць». Там, мне падалося, шмат яшчэ лішніх выдаткаў пасля прэзідэнцкіх правак засталася. Сачыце за рукамі — мільярды пад рукой, калі бюджэт палічыць.

Апараты статутных органаў міждзяржаўнай інтэграцыі — 15,4 мільярды рублёў. Усесаюзныя чыноўнікі абыходзяцца нам у 5,3 мільёны даляраў? Міла! Колькі ж вас там?

Выканаўчы камітэт СНД — 2 мільярды рублёў, плюс мільярд на (пасаромеліся б, га) Савет Міжпарламенцкай Асамблеі СНД. І яшчэ 4 мільярды рублёў на ўтрыманне Інтэграцыйнага камітэту Еўразійскай эканамічнай супольнасці.

Адлічэнні ў бюджэт саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі — 150,9 мільярдаў рублёў — на пенсію Пал Палычу Барадзіну.

Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы — 1,3 мільярды рублёў. Калі наш подпіс каштуе столькі, то лепш, мо, падпісаць у наступным годзе.

Вось мне што дзіўна — «на выбары і рэферэндум» у гэтым годзе мы выдаткоўваем 619 мільёнаў рублёў! Гэта я штосьці ўпусціў? Ці гэта такі заробак у ЦВК — там жа чалавек пяць працуюць! З гэтай сумы 25 мільёнаў пойдзе «на міжнародную дзейнасць» ні аднаго разу не прызнаных у свеце выбараў.

Нацыянальны сход на кіпучую сваю «міжнародную дзейнасць» таксама няблага выдаткоўвае — амаль 1,7 мільярды туды, калі ўлічваць «культурныя сувязі» дэпутатаў. Калі нас Еўропа прызнае, адчуваю, што ўсе грошы мае на іх міжнародную дзейнасць сыдуць.

Гэта нічога, калі мы год не пагуляемся у салдацікаў? Сінхроннасць параду будзе парушана, але краіна гэта перажыве. Калі даведаецца, што ваенныя вучэнні і іншыя мабілізацыйныя справы каштуюць 98 мільярдаў рублёў.

Вось такі артыкул у бюджэце: «Прыкладныя навуковыя даследаванні, навукова‑тэхнічныя праграмы і праекты ў вобласці праваахоўнай дзейнасці і забеспячэння бяспекі». Цана пытання — 800 мільёнаў рублёў.

«Прыкладныя навуковыя даследаванні, навукова‑тэхнічныя праграмы і праекты ў вобласці жыллёва‑камунальных паслуг». Гэта яшчэ 1 мільярд 90 мільёнаў. Як у маёй жыроўцы не з’явіўся артыкул «на прыкладное навуковае даследаванне Пятровічу»?

Крыху бянтэжаць мяне вось тры пазіцыі ў бюджэце:

Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў — 212 мільёнаў рублёў.

Развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці — 1 мільярд рублёў.

Фінансавая дапамога юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам — 110 мільярдаў.

Так, так — рашуча прыбіраем усе гэтыя прадпрымальніцкія мільярды з бюджэту — і глядзім — ці адчулі прадпрымальнікі, як аслабеў дзяржаўны клопат пра іх? Вельмі хачу, каб адчулі, сумняваюся…

Цікава яшчэ ведаць, куды ідуць 52,7 мільярды рублёў па «праграме развіцця і падтрымцы падсобных гаспадарак грамадзян». Дачнікі, гэта ж і вам таксама!

Цяпер правяраем шчырасць патрыятызму. Лёгка! Адбіраем у БРСМ іх 17,5 мільярдаў рублёў. У БРСМ я веру — яны гэтае выпрабаванне пройдуць. Нах*** іх тады наагул фінансаваць….

Заўсёды мяне кранаў клопат маёй дзяржавы аб самых кволых, маламаёмасных. Канцэрну Белнафтахім дапамогуць у гэтым крызісным годзе не так каб вельмі, але дапамогуць — 7,3 трыльёнамі (!) рублёў.

Ну вы зразумелі — там яшчэ скарачаць і скарачаць. Але ёсць артыкулы недатыкальныя.

Служба бяспекі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь апякае свайго кліента на 37 мільярдаў рублёў у год. Гэта на 2 мільярды болей выдаткаў краіны на парламент (там 110 дэпутатаў з міністэрскімі заробкамі і сенатары яшчэ).

Амаль усе мае праўкі былі там, дзе ў прэзідэнта ўздрыгнула рука — і ён стрымаўся. Кіраўнік дзяржавы скарачаў выдаткі на адукацыю (мінус 377 мільярдаў), на ахову здароўя (мінус 278 мільярдаў), на сацыяльную палітыку (мінус 1,4 трыльёна).

malishevsky.livejournal.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0