Праеўрапейская тэматыка эксплуатуецца патэнцыяльнымі кандыдатамі ў прэзідэнты вельмі актыўна. Набыць еўрапейскі імідж імкнуцца Аляксандр Мілінкевіч, Мікалай Статкевіч, Лявон Баршчэўскі, шэраг іншых кандыдатаў.

На нішу прарасійскага кандыдыта такой колькасці прэтэндэнтаў не назіраецца. Паводле меркавання экспертаў, не выпадкова шансы на поспех у прэзідэнцкіх выбарах пад такімі лозунгамі мінімальныя.

Пра цікавасць Расіі да беларускіх прэзідэнцкіх выбараў пакуль можна меркаваць хіба што па намёках безыменных супрацоўнікаў крамлёўскай адміністрацыі ды сустрэчах некалькіх беларускіх палітыкаў у Дзярждуме.

Нядаўна ў Маскву з’ездзіў Аляксандр Казулін, раней там былі Анатоль Ляўковіч і Сяргей Гайдукевіч, а 19 жніўня са старшынёй аднаго з камітэтаў Дзярждумы сустрэўся Анатоль Лябедзька. Пра падрабязнасці сустрэчы ў кароткіх каментарыях не гаворыцца.

Палітолаг Уладзімір Роўда сумняваецца, што Крэмль сур’ёзна вырашыць выступіць падчас прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі на баку іншага кандыдата, акрамя Лукашэнкі.

«Сённяшняе расійскае кіраўніцтва можа толькі пагразіць Лукашэнку пальчыкам: калі ты не будзеш паслухмяным, мы знойдзем іншага кандыдата, — лічыць эксперт. — Але сур’ёзна гэтыя пагрозы не ўспрымае, напэўна, і сам Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі вельмі многім абавязаны Маскве. Яна ўклала ў яго велізарныя сродкі і лічыць, што менавіта Лукашэнка павінен забяспечваць у Беларусі расійскі інтарэс».

Падтрымка Масквой кандыдата з апазіцыі азначала б новыя правілы гульні.
Безумоўна, гэтыя правілы зараз нестабільныя, а сам Лукашэнка здольны з рэгулярнай перыядычнасцю раздражняць кіраўніцтва Расіі. Аднак рычагоў уплыву на сітуацыю ў Беларусі ў крамля пакуль дастаткова. Верыць абяцанням аб магчымых прэферэнцыях у выпадку змены ўлады ў Мінску Масква пакуль наўрад ці будзе.

«Ніякі іншы кандыдат, акрамя Лукашэнкі, Расію зараз не задаволіць, — падкрэслівае Роўда.— Хто б гэта ні быў — Калякін ці Лябедзька, сваё прэзідэнцтва ў выпадку перамогі ён захоча пачаць з новага ліста. Расія крок па кроку набліжаецца да дасягнення сваёй мэты — інкарпарацыі Беларусі, навязвання сваёй версіі саюзнага дагавора. У гэтай сітуацыі Крэмль не пойдзе на новыя варыянты ўлады ў Беларусі».

Разам з тым, нядаўнія выказванні лідэра Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, расцэненыя многімі як прарасійскія, палітолаг не лічыць выпадковымі.

Нагадаем, лідэр ПКБ не толькі заявіў пра неабходнасць цеснай інтэграцыі з Расіяй, але і раскрытыкаваў еўрапейскі перакос ў прыхільнасцях дэмакратычных сіл. «Калі рэалізацыю нацыянальных інтарэсаў Беларусі выбудоўваць не на геапалітычных прыхільнасцях, а на эканамічным і палітычным прагматызме, то трэба прызнаць неаспрэчны факт: у аглядным будучым менавіта адносіны з Расіяй будуць мець для Беларусі вызначальнае значэнне», — сказаў важак апазіцыйных беларускіх камуністаў.

Роўда лічыць, што пэўны ціск на Калякіна магла аказаць расійская партыя‑саюзнік. «КПРФ зараз адна з галоўных апазіцыйных сіл у Расіі. Але ў пытаннях дзяржаўных, у плане адносін з Беларуссю, яе суверэнітэту партыя праводзіць тую ж, калі не больш жорсткую, лінію, што і Крэмль», — адзначае палітолаг.

Паводле яго меркавання, расійская эліта вырашыла выкарыстаць партыі, якія маюць беларускіх дублёраў, у сваіх мэтах. «Гэта датычыць як Калякіна з ПКБ, так і Гайдукевіча з ЛДП, якія могуць агучыць неабходную расійскаму кіраўніцтву інфармацыю ў Беларусі. Не выключана, для таго, каб унесці змены ў расклад апазіцыйных сіл», — падкрэслівае Роўда.

Заявы лідэра ПКБ выклікалі негатыўныя водгукі ў дэмакратычным асяроддзі. Падобна, канчаткова адмежаваўся ад супрацоўніцтва з Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі (АДС) рух «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. Прадстаўнікі Партыі БНФ адкрыта заяўляюць пра недапушчальнасць выказванняў Калякіна, якія ставяць пад сумненне суверэнітэт краіны. Змякчыць сітуацыю імкнецца толькі Анатоль Лябедзька, запэўніваючы, што ў АДС існуюць розныя меркаванні, але кааліцыя адзіная ў меркаванні адносна неабходнасці дэмакратызацыі Беларусі і згубнасці ўлады Лукашэнкі.

«У мяне была размова з Калякіным, якая адбылася за некалькі тыдняў да яго рэзанансных заяў, — адзначае Роўда. —

Мне здавалася, што гэта абсалютна рацыянальны і разумны чалавек, які зацікаўлены ў захаванні Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Зараз АДС застацца з Калякіным будзе больш складана».

Нельга не адзначыць, што Калякін лічыцца адным з прэтэндэнтаў на пост адзінага кандыдата ад АДС. Апошнія яго заявы яшчэ больш размяжоўваюць меркаванні ў кааліцыі. БСДП (Грамада), АГП, Партыя БНФ, ПКБ — арганізацыі, якія складаюць касцяк АДС, — не супраць бачыць у якасці адзінага кандыдата свайго прэтэндэнта. На гэтым фоне далейшыя роздумы Калякіна аб геапалітычных прыхільнасцях толькі ўскладняюць працэс выйсця на адзінага кандыдата.

У той жа час, Роўда не лічыць, што аддаленне ПКБ ад АДС істотна аслабіць структуру. «ПКБ — партыя не настолькі моцная, каб выступаць самастойна, на яе аказвалі сур’ёзны ціск беларускія ўлады. Таму рэальна прадстаўляць сур’ёзную палітычную сілу ў выпадку ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, абапіраючыся толькі на сваіх актывістаў, камуністы не змогуць», — гаворыць палітолаг.

«Прарасійскі кандыдат зараз выбаршчыку зусім не будзе цікавы, — дадае Роўда.

— Мяняецца грамадскае меркаванне, а разам з ім мяняюцца паводзіны, праграма кандыдата ў прэзідэнты. Расія ў гэтым плане — пройдзены этап. Можна было гаварыць пра неблагія шансы прарасійскага кандыдата яшчэ на выбарах 2006 года. Зараз гэты час сышоў. Нават Лукашэнка разумее, што, арыентуючыся на прарасійскую палітыку, шмат чаго не дасягнеш».

«Апазіцыі трэба звяртацца да выбаршчыка з найбольш актуальнымі прапановамі ў сучасных беларускіх і сусветных рэаліях, — зазначае палітолаг. — Такімі актуальнымі падчас выбараў будуць заставацца тэмы, звязаныя з крызісам, яго наступствамі, альтэрнатыўнымі мерамі па яго пераадоленні. Выбаршчыку неабходна даступна растлумачыць, якую канкрэтную выгаду будуць мець тыя ці іншыя слаі насельніцтва ў выпадку перамогі апазіцыйнага кандыдата».

Роўда лічыць, што апазіцыі «Неабходна актуалізаваць еўрапейскую палітыку, прапаноўваць «дарожную карту» інтэграцыі ў Еўропу. Паводле яго меркавання, «для значнай часткі выбаршчыкаў гэта будзе цвярозай ідэяй».

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0