Інга Петц цягам 15 гадоў наведвае Беларусь. За гэты час ён змог пазнаёміцца з яе гісторыяй і культурай. А сёлета ён атрымаў стыпендыю ад Фонда Роберта Боша на напісанне кнігі пра нашу краіну.

На пытанні «Нашай Нівы» адказвае Інга Петц.

«НН»: Інга, летась ў Вас былі праблемы з атрыманнем беларускай візы. Сёлета ўсё абыйшлося?

Інга Петц: Так, віза дзейнічае да 15 лістапада. А летась сапраўды былі цяжкасці. Мне адкрылі візу толькі на тры дні, каб я змог паўдзельнічаць у ХІ Мінскім форуме. Хаця я прасіў візу на больш працяглы тэрмін.

«НН»: А ў чым прычына гэтага?

Інга Петц: Прычыну ў пасольстве не тлумачаць. Я сам толькі магу здагадвацца, чаму так атрымалася. Я думаю, што гэта звязана з маёй дзейнасцю. Я шмат пішу пра Беларусь, асабліва пра музычную культуру. Я арганізоўваў канцэрты НРМ, Крамбамбулі ў Берліне.

Сёлета ў Варшаве выйшаў турыстычны даведнік «Białoruś. Przewodnik turystyczny National Geografic». Укладальнікам стаў англійскі вандроўнік Найджэл Робертс. Праілюстраваны даведнік фотаздымкамі нашага фотакарэспандэнта Юліі Дарашкевіч. Незадоўга да гэтага пабачыў свет турыстычны даведнік пра Беларусь у Вялікабрытаніі. Аўтар ангаламоўнай кнігі — таксама Найджэл Робертс. Зараз над падарожнай кнігай пад папярэдняй назвай «Нёман. Рака ў цэнтры Еўропы» разам з фатографам Інкай Шванд працуе нямецкі вандроўнік Увэ Рада. Беларусь усё‑ткі выклікае пэўны інтарэс у Заходняй Еўропе.

«НН»: З чаго такі інтарэс да беларускай культуры?

Інга Петц: Я першы раз прыехаў у Беларусь у 1994 г. Я тады вывучаў рускую мову. І наведаў вашую краіну, як краіну з рускамоўным насельніцтвам. Я тады нічога не ведаў пра Беларусь, апроч таго, што гэта адна з рэспублік былога СССР. Але пасля я пачаў па два‑тры разы на год прыязджаць сюды. І так далучыўся да беларускай культуры.

«НН»: Вы цікавіцеся беларускай рок‑музыкай Ці ёсць у яе нейкая адметнасць?

Інга Петц: Рок‑музыка — гэта рок‑музыка… Мне быў цікавы той факт, што тут ёсць кола, якое займаецца беларускамоўнай музыкай. Мне быў цікавы феномен беларускамоўнай музыкі ў Беларусі, дзе родная мова не з’яўляецца шырокаўжывальнай. Як музыкі гэтым займаюцца і чаму? Я пісаў пра гэта.

«НН»: Вы арганізоўваеце беларускія імпрэзы ў Берліне. Для чаго?

Інга Петц: Раней пра Беларусь было мала інфармацыі. На захадзе думалі, што гэта яшчэ частка Расіі. Яны нічога не ведалі. Часам рабіліся страшныя памылкі.

Мне прыгадваецца адзін артыкул 1998 года, у якім напісалі пра «камуніста Лукашэнку і яго камуністычную партыю».
Людзі захаду павінны яшчэ вывучаць Беларусь. Хаця зараз сітуацыя змяняецца. З’яўляюцца навуковыя кнігі пра вашу краіну. Але пра культуру мала ведаюць. Таму мы вырашылі, што трэба неяк спрыяць змяненню сітуацыі ў лепшы бок. Мы запрасілі з канцэртамі НРМ, Крамбамбулю. Нядаўна выступіла этна‑трыа «Троіца». Была імпрэза з удзелам Андрэя Хадановіча. Мы хочам паказаць, што Беларусь — гэта не толькі Лукашэнка і Чарнобыльская трагедыя. А ёсць яшчэ цікавая культура, якая з’яўляецца часткай еўрапейскай.

«НН»: А ці хочуць немцы наведваць Беларусь?

Інга Петц: Артур Клінаў напісаў кнігу «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца». І ўсіх маіх знаёмых, хто прачытаў гэтую кнігу па‑нямецку, проста цягне ў Мінск.

«НН»: Вы зараз самі працуеце над кнігай пра Беларусь. Што гэта за праект?

Інга Петц: Ужо пятнаццаць гадоў, як я прыязджаю ў Беларусь. І я ўвесь час хацеў напісаць кнігу, праз якую нямецкамоўнае насельніцтва зразумее гэтую краіну. Я не хачу суха апісваць беларускую гісторыю. Я хачу данесці Беларусь да Заходняй Еўропы праз вандроўкі па краіне, сустрэчы з людзьмі, праз іх аповеды.

«НН»: А беларускай мовай не збіраецеся авалодаць?

Інга Петц: Я магу крыху чытаць па‑беларуску. Тое‑сёе разумею з размоў. Ёсць такая мэта вывучыць беларускую мову. Цяпер я не маю часу. Можа пазней. Але гэта трэба зрабіць.

***

Інга Петц — нямецкі журналіст, аўтар газеты «Зюддойчэ цайтунг», актывіст Германска‑беларускага таварыства. Выдавец CD «The Red Book of Belarusian Music» (2006). Арганізатар беларускіх канцэртаў і вечарын у Берліне, у тым ліку святкавання 100‑годдзя «Нашай Нівы» ў 2006 г.

 Інга Петц стаіць ля вагона.

Інга Петц стаіць ля вагона.

Сяргей Макарэвіч, фота ingopetz.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0