Новая праграма па вывучэнні гісторыі для школ выконвае адну задачу — фармаванне комплексу залежнасці Беларусі ад Расіі цягам усёй яе гісторыі.
Пабачыла свет новая праграма па Сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі для школ.
Акрамя ўласна вызначэння раздзелаў і асобных тэмаў, што павінны быць разгледжаны у школьным курсе гісторыі, у праграме сфармуляваныя «прынцыпова важныя навуковыя палажэнні, у адпаведнасці з якімі вывучаецца гісторыя Беларусі» (С. 8—9).
І самі фармулёўкі, і іх змест прымушаюць задумацца над тым, з якімі ведамі і ідэалагічнымі устаноўкамі выходзяць дзеці з сучасных школ Беларусі.
Вось як выглядаюць тыя прынцыпы:
«Вывучэнне гісторыі Беларусі заклікана закласці аснову для фарміравання нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і самасвядомасці, выхавання чалавека‑грамадзяніна, стараннага гаспадара сваёй зямлі, адказнага за вынікі сваёй дзейнасці і перад сучаснікамі, і перад нашчадкамі.
У змесце праграмы адлюстраваны наступныя прынцыпова важныя навуковыя палажэнні, у адпаведнасці з якімі вывучаецца гісторыя Беларусі:
–
існаванне адзінай старажытнарускай народнасці ў межах адзінай Старажытнарускай дзяржавы Кіеўскай Русі,у склад якой уваходзіла Полацкае княства, якое мела спецыфічную форму раннефеадальнай дзяржаўнасці ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі;
– утварэнне пасля распаду Старажытнарускай дзяржавы двух цэнтраў дзяржаўнай кансалідацыі ўсходніх славян — Маскоўскай Расеі і Вялікага Княства Літоўскага, у рамках якіх праходзіла фарміраванне трох усходнеславянскіх этнасаў — расейскага, беларускага, украінскага;
– станаўленне на старажытнарускай аснове беларускай народнасці (этнасу) у адміністрацыйных межах Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага (XIV—XVI стст.), якое мела ўсходнеславянскі этнічны падмурак;
– развіццё беларускага этнасу ў межах Рэчы Паспалітай ва ўмовах вострага міжцывілізацыйнага супрацьстаяння, якое прывяло да пераходу ў польскую сацыякультурную супольнасць магнатаў і шляхты ВКЛ;
– прызнанне польска‑каталіцкага ўплыву ў якасці фактару,
які падштурхнуў народныя масы да рэлігійна‑вызваленчай барацьбы, якая не спынялася да ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай дзяржавы;
– уваходжанне беларускіх зямель у склад Расійскай дзяржавы, у межах якой праходзіла фарміраванне этнічных, культурных, сацыяльна‑эканамічных і палітычных перадумоў станаўлення беларускай нацыі;
– пераход ад аграрна‑рамеснага да індустрыяльнага грамадства як працэс мадэрнізацыі, які праходзіў у Беларусі ва ўмовах рэформаў і рэвалюцый, якія паўплывалі на яго асаблівасці;
– стварэнне БССР як формы нацыянальна‑дзяржаўнага ўтварэння беларускага народа, якая стала гістарычнай перадумовай для далейшага развіцця беларускай дзяржаўнасці ў форме суверэннай Рэспублікі Беларусь;
– абвяшчэнне і станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь, фармаванне асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы як найважнейшых фактараў кансалідацыі сучаснай беларускай нацыі. Гісторыя Беларусі вывучаецца ў кантэксце ўсходнеславянскай, агульнаеўрапейскай і сусветнай гісторыі з улікам стварэння адзінай адукацыйнай прасторы Саюза Беларусі і Расіі, краін СНД…».
***
У 1990‑х студэнтам гістфаку БДУ выкладчыкі пераканаўча даводзілі,
што існаванне Старажытнарускай дзяржавы, гэтаксама як і старажытнарускай народнасці — міф.
Даводзілася пра вельмі спецыфічны характар «вызваленчай» барацьбы беларускіх «народных масаў» у XVII—XVIII стст.
Аднак сёння ў якасці навуковых прынцыпаў у школах трывала ўмацоўваюцца старыя ідэалагічныя пастулаты з дадаткам новых «суверэнна‑беларускіх».
Між іншым, на вывучэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь у школьнай праграме адведзена 10 гадзін (амаль столькі ж, колькі на вывучэнне Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны),
затое БНР ідзе двума радкамі.
ў тэме «Абвяшчэнне і ўтварэнне беларускай дзяржаўнасці» разам з ССРБ і ЛітБелам. У гэтым кантэксце нядзіўна бачыць у спісе рэкамендаванай літаратуры па праграме публікацыі Якава Трашчанка.
Вось толькі застаецца пытанне, ці не перастараліся беларускія ідэолагі ад педагогікі з арыентацыяй праграмы па гісторыі на фармаванне комплексу залежнасці Беларусі ад Расіі цягам яе гісторыі? Можа быць ў сувязі з «еўрапейскім вектарам» сучаснай беларускай палітыкі і праграмы па гісторыі трэба перапісваць адпаведна?
Цалкам праграму можна спампаваць тут adu.by