Пракурор запатрабаваў прыгаварыць да шасці гадоў і шасці месяцаў зняволення гомельскую медсястру, якая абвінавачваецца ў траўмаванні адной з паўтарагадовых сясцёр‑блізнятаў і смерці другой у Доме дзіцяці. 20 жніўня падчас судовых спрэчак ён заявіў, што яе віна поўнасцю даказана.

Паводле слоў дзяржабвінаваўцы, медсястра вінавата ў неналежным выкананні службовых абавязкаў, што пацягнула смерць малалетняга па неасцярожнасці (арт. 165 Крымінальнага кодэкса) і ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў заведама малалетняму (п. 1 ч. 2 арт. 147 КК).

Як паведамлялася раней, паўтарагадовая выхаванка Дома дзіцяці памерла 16 сакавіка па дарозе ў бальніцу. Яе сястра‑блізня была дастаўлена ў рэанімацыю і прааперавана. У гэты ж дзень паводле падазрэння ва ўчыненні злачынства была затрымана медработнік установы, якая прызнала, што ўдарыла аднаго з дзяцей, а другое «не дагледзела». Да суда абвінавачаная знаходзілася пад дамашнім арыштам.

Таксама сёння ў судзе былі заслуханы даныя дадатковай судмедэкспертызы. Яна была праведзена пасля таго, як медсястра і яе адвакат выказалі меркаванне, што тупую траўму жывата і наступны разрыў печані дзяўчынка атрымала не ў выніку ўдару кулаком у жывот, як раней заяўляла абвінавачаная на следстве, а нібыта дзяўчынка ўдарылася жыватом аб спінку ложка, калі медработнік яе вымала адтуль. Эксперты схіляюцца да таго, што траўма не магла быць атрымана такім чынам, больш верагодна, што яе прычынай стаў менавіта ўдар кулаком.

Як зазначыў адвакат медсястры, ён згодны з абвінавачаннем яго падабароннай у неналежным выкананні абавязкаў, што пацягнула смерць малалетняга. Ён заўважыў: медсястра вінавата ў тым, што пакінула дзіця, у якога парушана каардынацыя рухаў, у мокрай ванначцы аднаго, у выніку чаго дзяўчынка паслізнулася, ударылася і пазней памерла. Разам з тым адвакат прасіў суд перакваліфікаваць артыкул 147 КК (наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў) на артыкул 155 КК (нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці). Паводле яго слоў, дакладна не даказана, што дзяўчынка была траўмавана медсястрой, а не ўдарылася аб вугал ложка сама. У сувязі з тым, што яго падабаронная раней не была судзіма, выхоўвае малалетняе дзіця, адвакат папрасіў для яе пакаранне ў выглядзе абмежавання волі.

Раней на судзе эксперт паведаміла, што адной з дзяўчынак, якая выжыла, была нанесена тупая траўма жывата, што стала прычынай разрыву печані і ўнутранага крывацёку, таксама на целе дзіцяці былі выяўлены кровападцёкі на твары, грудной клетцы, руцэ і назе рознай даўнасці. Было ўстаноўлена, што яе сястра памерла ад разрыву печані і крывацёку. На целе загінулага дзіцяці былі таксама выяўлены кровападцёкі.

Магчыма, прыгавор у дачыненні да медсястры будзе абвешчаны 25 жніўня.

Алена Германовіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0