«Нягледзячы на паражэнне, я не адчуваю бязвыхаднасці», — заявіў галоўны трэнер барысаўскай каманды БАТЭ Віктар Ганчарэнка на пасляматчавай прэс‑канферэнцыі.

«Мне цяжка папракнуць каманду, — сказаў ён. — Мы добра гулялі на працягу 90 хвілін і аказвалі націск на саперніка. Але гэта футбол — той, хто менш памыляецца, той і выйграе».

«Але ў нас яшчэ ёсць 90 хвілін, каб выправіць сітуацыю, — сказаў Ганчарэнка, маючы на ўвазе матч у адказ. — Мы моцныя духам і яшчэ пазмагаемся за выхад у групавы раунд Лігі Еўропы».

У сваю чаргу галоўны трэнер «Літэкса» Станімір Стаілаў адзначыў важнасць перамогі ў першым матчы плей‑оф Лігі Еўропы. Разам з тым ён падкрэсліў, што каманда БАТЭ гуляла лепш. «Сваёй камандзе за гульню я б паставіў тры балы па пяцібальнай сістэме, і тое — толькі з‑за перамогі», — сказаў Стаілаў.

Паводле слоў трэнера «Літэкса», яго каманда рабіла шмат памылак. «БАТЭ прымусіла гуляць нас у абароне. Але мы чакалі свайго шанцу, і добра, што мы яго дачакаліся», — рэзюмаваў Стаілаў. «Калі каманда гуляе лепш, гэта не значыць, што яна можа выйграць», — падкрэсліў ён.

Нягледзячы на атрыманую перамогу, Стаілаў ацэньвае шанцы дзвюх каманд на выхад у групавы раунд Лігі Еўропы «50 на 50».

«У нас наперадзе другая гульня, у якой мы павінны згуляць больш агрэсіўна як гаспадары», — заявіў галоўны трэнер балгарскай каманды.

Як паведамлялася раней, у першым матчы плей‑оф Лігі Еўропы барысаўскі БАТЭ на сваім полі прайграў балгарскаму «Літэксу» з лікам 0:1.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0