Пра гэта заявіў 25 жніўня ў Мінску дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ Марак Бэлька на сустрэчы з прэм’ер‑міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім. Аднак у цэлым МВФ Беларуссю задаволены.

Прадстаўнік МВФ зазначыў, што ў кароткатэрміновай перспектыве занепакоенасць выклікае менавіта «праблема нізкага ўзроўню замежных рэзерваў» Беларусі, «якая можа ўяўляць пагрозу для стабільнасці краіны». Паводле яго слоў,

на гэтым пытанні ў асноўным сканцэнтравана ўвага ў межах рэалізаванай беларускімі ўладамі сумесна з МВФ праграмы, дзеянне якой заканчваецца ў пачатку наступнага года.

«Гэтая праблема з’яўляецца асноўнай тэмай, якую мы абмяркоўваем на сустрэчах са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Пятром Пракаповічам і міністрам фінансаў Андрэем Харкаўцом. Мы абмяркоўваем гэтую праблему з пункту гледжання патокаў крэдыту і іх уздзеяння на адток рэзерваў, з пункту гледжання бюджэтнай палітыкі, а таксама яе ўплыву на ўнутраны попыт, які, у сваю чаргу, уплывае на рэзервы», — зазначыў Марак Бэлька.

«У цэлым мы задаволеныя агульным кірункам эканамічнай палітыкі, якую праводзіць урад Беларусі», — зазначыў дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ.

Бэлька патлумачыў, што ў межах цяперашняй місіі МВФ ідзе праца па двух кірунках. Дадзеная місія праводзіць другі агляд праграмы ў межах крэдыту stand‑by, і дыскусіі сканцэнтраваны на пытаннях больш кароткатэрміновага характару. Апрача таго, яе мэтай з’яўляецца правядзенне звычайных кансультацый па артыкуле IV статута МВФ, якія ўяўляюць сабой традыцыйны маніторынг развіцця кожнай краіны — члена Міжнароднага валютнага фонду. У дадзеным выпадку дыскусіі сканцэнтраваны на пытаннях больш доўгатэрміновага характару і звязаны з развіццём беларускай эканомікі ў перспектыве, і ў прыватнасці разглядаецца пытанне аб тым, якім чынам забяспечыць высокія тэмы эканамічнага росту, што назіраліся ў краіне ў дакрызісны перыяд.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 жніўня склалі 3 млрд 161,9 млн даляраў.

Рост забяспечыў другі транш крэдыту МВФ па праграме стэнд‑бай у аб’ёме каля 680 млн. долараў, які паступіў 2 ліпеня.

Усяго ад пачатку году Беларусь атрымала крэдытаў на суму амаль 2,5 млрд даляраў ЗША. Гэтыя сродкі былі залічаны ў склад золатавалютных рэзерваў краіны, аднак пераважная іх частка была адразу вытрачана на бягучыя эканамічныя патрэбы.

Марак Бэлька быў апошнім прэм’ер‑міністрам Польшчы пры Кваснеўскім. А Кваснеўскі на сёння ўзначальвае кулуарную «кантактавую групу па Беларусі».

Бэлька прыбыў у Мінск 24 жніўня. Ён будзе знаходзіцца ў Беларусі да 26 жніўня.

З 18 жніўня да 2 верасня ў Беларусі працуе група экспертаў МВФ на чале з кіраўніком місіі фонду Крыстаферам Джарвісам. Місія ацэньвае ход выканання беларускім урадам праграмы, якая падтрымліваецца крэдытам stand‑by у агульным памеры 3,52 млрд даляраў ЗША.

Беларусь звярнулася па атрыманне крэдыту да МВФ у кастрычніку 2008 года «ў мэтах павелічэння дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і стварэння «падушкі бяспекі», неабходнай для стабільнай працы эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу».

У студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ ухваліла праграму stand‑by для Беларусі на 2,46 млрд даляраў пад праграму эканамічных рэформ, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года). Першы транш крэдыту ў 788 млн. даляраў ЗША па стаўцы LIBOR плюс 0,75% гадавых паступіў у Беларусь 14 студзеня, астатнія сродкі пералічваюцца з улікам паквартальных справаздач беларускага ўрада.

29 чэрвеня Рада дырэктараў МВФ завяршыў першы агляд у межах дамоўленасці з уладамі Беларусі аб крэдыце stand‑by. Пры гэтым фонд зацвердзіў выдачу чарговага траншу крэдыту ў памеры 679,2 млн даляраў ЗША і павялічыў у цэлым аб’ём фінансавай падтрымкі на 1 млрд даляраў — да 3,52 млрд.

Другі транш крэдыту МВФ паступіў у Беларусь 2 ліпеня.

Да канца года Нацбанк разлічвае атрымаць ад МВФ яшчэ два траншы на суму 1,35 млрд даляраў стабілізацыйнага крэдыту. Умоваю для атрымання наступных крэдытаў ад МВФ стане прыватызацыя дзяржаўных актываў.

* * *

Марак Бэлька (нар. у 1952) — вядомы ў міжнародных фінансавых колах эканаміст, прафесар. У 1990—1996 гадах — кансультант Міністэрства фінансаў Польшчы; у 1997, а таксама 2001—2002 — міністр фінансаў Польшчы; у 2004—2005 — прэм’ер‑міністр Польшчы. У 2006—2008 — намеснік генеральнага сакратара ААН — выканаўчы сакратар Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. З 2008 — дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ.

БелаПАН; МБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0