Сёння лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч наведае палітзняволеных моладзевых актывістаў Артура Фінькевіча і Паўла Севярынца, якія адбываюць пакаранне абмежаваннем волі ў Магілеве і в. Малое Сітна Полацкага раёну адпаведна.
– Асабістая падтрымка - гэта толькі маленькая частка таго, што мы можам і павінны сёння рабіць дзеля гэтых сапраўдных мужчынаў. Духовую прысутнасць, клопат усёй дэмакратычнай Беларусі павінны адчуваць штодня ўсе палітзняволеныя ў нашай дзяржаве. Яны не збаяліся жорсткіх прысудаў і адкрыта выступілі за ідэалы вольнай і незалежнай Беларусі. Салідарнасць з імі, іх сем’ямі, роднымі ёсць маім абавязкам, - сказаў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч напярэдадні паездкі.
Палітзняволеным будуць перададзеныя прадукты харчавання, кнігі, прыймач.
Нагадаем, што актывіст «Маладога фронту» Артур Фінькевіч знаходзіцца ў папраўчай установе адкрытага тыпу г. Магілева з 29 чэрвеня. Ён пакараны двумя гадамі абмежавання волі за графіці палітычнага зместу – «Достал» і «Мы хочам новага». Падчас выбарчай кампаніі Артур Фінькевіч правёў амаль тры месяцы за кратамі следчага ізалятару.
Павал Севярынец адбывае пакаранне з 15 жніўня 2005 года. Па абвінавачванні ў арганізацыі акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, якія адбыліся ў Мінску 18 і 19 кастрычніка 2004 года, ён быў асуджаны да 3-х гадоў абмежавання волі («хіміі»). З улікам амністыі тэрмін скарочаны да 2-х гадоў. Пакаранне адбывае на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна ў Полацкім раёне.
Прэс-служба А.Мілінкевіча