У хуткім часе ў Беларусі могуць павысіцца тарыфы на пасажырскія перавозкі ў гарадскім транспарце.

Пра гэта паведаміў міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба ў інтэрв’ю газеце «Рэспублiка», апублікаваным 25 жніўня.

«Наш пасажырскі транспарт агульнага карыстання перавозіць штогод больш як 2 мільярды пасажыраў. Пачынаючы са жніўня 2007 года тарыфы на перавозку застаюцца нязменнымі. Аднак з таго часу павялічыліся цэны на паліва, запасныя часткі і агрэгаты, змяніліся сумы і стаўкі экалагічнага падатку», — патлумачыў кіраўнік Мінтранса.

Паводле яго слоў, кошт аўтобусаў, што набываюцца аўтапрадпрыемствамі, павялічыўся ў сярэднім да 30%. Таму страты Мінтранса за першы квартал 2009 года дасягнулі 7,7 млрд. руб., за першае паўгоддзе 2009 года — 13,7 млрд. руб., а ў параўнанні з мінулым годам узраслі адпаведна ў 4,3 і 2,2 разу.

Уласнымі даходамі ў першым паўгоддзі 2009 года акупляецца 72,9% перавозак, субсідыямі — 18,2%, а не кампенсуюцца нічым 8,9% расходаў. «Таму без павелічэння тарыфаў не абысціся. Лічым, што гэта адбудзецца ў хуткім часе», — зазначыў кіраўнік Мінтранса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?