Анонс гэтай рамантычнай камедыйнай меладрамы прадракаў яшчэ адзін укол па нашым самалюбстве: «Яна — правінцыялка і празмерна раматычная асоба, якая прыехала ў Маскву з Мінску на кніжны кірмаш..»
У думках маляваліся кашмарныя карціны: нашчадак Івана Фёдарава падманам спакушае нашчадніцу Скарыны па-за стэлажамі з кніжнай прадукцыяй. Адчувалася, што з экрана нас будуць прыніжаць за нашыя як там дагэтуль кажуць «зайчыкі».

Нічога добрага ад стужкі «М+Ж (Я цябе кахаю)» не чакалася яшчэ і таму, што расійскія кіношнікі Мінск увогуле за чалавека не маюць: то Каменская па мінскіх завуголлях множыць смяротнасць Фрунзенскага і Першамайскага раёнаў (хаця ўпарта цвердзіць, што гэта Замаскварэчча), то злобна падбухтораныя Тадароўскім стылягі топчуць наш праспект, выдаючы яго за вуліцу Горкага.

Да вялікага расчаравання аматараў нацыянальна абразіцца атрымалася расійскае кіно для расіянаў. У прадусараў была ідэя — засняць яшчэ ў адным фільме Грыгорыя Ануіпенку і Нэлі Ўвараву, герояў мегапапулярнага «Не нарадзіся прыгожай», і зрабіць з імі неблагую касу, прабачце, стужку, пераплюнуўшы «Любошчы-мілошчы». І толькі таго. Ніякіх асабістых здзекаў з сінявокай.

Выявілася, што расіяне проста прымералі нашу сталіцу на прадмет годнага дуэта. Ну, памятаеце, ён —парыжанін, яна маскоўка, ці ён масковец, яна — варшаўка. У кахання ж няма межаў, а што як не безвізавы перагон Мінск-Масква найлепш пасуе для выяўлення гэтай думкі?

Сумна ім там у Расіі. Хоць ты сем дзён скачы, ні да якой іншай сталіцы не даскочыш. І тут маеш: знаходка рэжысёра — Мінск!

«М+Ж» — ці не першая спроба надзець на Мінск шаты мілага іншазем'я, вывесці з нашых гарадскіх брамаў і навінаў пра Лукашэнку на незразумелай мове рамантычны фон замежжа.
Тут яшчэ аўтары сцэнара (дарэчы, мінчукі Яўгенія Пастэрнак і Андрэй Жвалеўскі) з замілаванасцю ўплялі сярод расійскага ўзора цвяток радзімы васілька — любыя мінскія дэталі і дэталькі.

Хай Масква здымае пра Мінск як ёй заманіцца. Масквавуд канчаткова амерыканізуецца. Канвеер амаль сфармаваны: камедыя, баявік, меладрама. Тут проста здымаюцца проста-фільмы, каб было прыемна і касава. З гэтага стандарту ўсё ж адзін-два на сотню выйдуць вартыя. Цяпер на Ўсходзе ў кінаіндустрыі прынамсі нешта перайначваецца: перабіраюцца сюжэты, месцы здымкаў, рыторыка, а вось якраз на беларусьфільмаўскім фронце без перамен.

Чаму варта глядзець стужку «М+Ж (Я цябе кахаю)»:

— Каб разам з героямі фільму яшчэ зрабіць падарожжа Масква-Мінск (асабліва рэкамендавана для настальгуючых чаўнакоў-наведнікаў закрытага цяпер Чаркізаўскага рынка).

— Каб пабачыць новыя кубікі на жываце Грыгорыя Анціпенкі. Адмыслова дзеля асалоды паненак у некаторых кадрах Анціпенка з'яўляецца паўголым у падвойным экзэмпляры (сюжэт такі).

— Каб прыемна здзівіцца, даведаўшыся, дзе паводле маскоўскіх рэжысёраў у Мінску знаходзіцца філфак (Філфакаўкі, трымціце ад нецярпення!).

З каментароў на сайце kino.br.by:

Карыстальнік Just_imagine. Міла, вельмі нават смешна. Анціпенка — цудоўны, вельмі прыемна ўбачыць Мінск і пачуць навіны па-беларуску. Хоць у фільме.

Павал Касцюкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0