Сёньня Вярхоўны суд Беларусі адмовіў стваральнікам Партыі свабоды і прагрэсу ў іх скарзе на Міністэрства юстыцыі. Вышэйшая судовая інстанцыя краіны прызнала, што міністэрства не парушыла закон, калі адмовіла ў рэгістрацыі новай партыі.

Свой вэрдыкт Вярхоўны суд абвясьціў сёньня ўвечары. Старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд адразу пасьля гэтага сказаў Свабодзе, што пакуль ня ведае, што рабіць далей. Партыйны актыў зьбярэцца празь некалькі дзён. Тады і прымуць нейкае рашэньне.

Уладзімер Навасяд і ягоны намесьнік Сяргей Казлоўскі два дні спрабавалі даказаць: істотных парушэньняў заканадаўства пры стварэньні партыі яны не рабілі. Прыкладам, яны пагаджаліся з тым, што арганізатарамі партыі можна лічыць ня ўсіх 1011 грамадзянаў з агульнага сьпісу, а толькі 1002. Але адначасова зьвярталі ўвагу і на тое, што закон аб палітычных партыях дазваляе мець для рэгістрацыі і роўна 1000 чалавек.

Тое ж і з устаноўчым зьездам. Стваральнікі партыі лічаць непрынцыповым — было на ім на два дэлегаты больш ці менш. Галоўнае — кворум быў у любым выпадку.

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон адстойваў іншы падыход — маўляў, ніякіх дробязяў у такой важнай справе быць ня можа. Дый самі парушэньні ён ня лічыць дробязнымі:

«Я паказаў, што бальшыня пратаколаў сьведчыць пра тое, што нормы прадстаўніцтва падчас выбару дэлегатаў ня ўлічваліся. Значыць, па‑першае, парушаны парадак стварэньня партыі. А па‑другое, такіх дэлегатаў нельга прызнаць легітымнымі. Адсюль і высновы: гэты зьезд, які правялі нелегітымныя дэлегаты, зьяўляецца нелегітымным».

Сяргей Казлоўскі сказаў «Свабодзе», што, на ягоную думку, сур’ёзных доказаў парушэньняў дзейнага заканадаўства спадар Харытон за два дні так і не прывёў:

«Мін’юст чапляецца да літараў — напрыклад, патрэбна «о» замест «а». Чапляецца і да лічбаў, хаця ва ўласным адказе няправільна называе лічбы з пратаколаў мандатнай камісіі і зьезду. Альбо прыкладае дакумэнты зь дзьвюх віцебскіх навучальных устаноў, у якіх няма ніводнага прозьвішча. Яны нібыта напісаныя ў дадатку. Але і там іх няма».

Гэта ўжо чацьвёртая спроба Партыі свабоды і прагрэсу афіцыйна зарэгістравацца. А першая была яшчэ ў 2003 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?