Канчатковае рашэнне аб зніжэнні квоты на гучанне беларускай музыкі ў эфіры айчынных радыёстанцый з 75 да 50% пакуль не прынята.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.

25 жніўня некаторыя беларускія СМІ перадалі, што ў хуткім часе на дзяржаўным узроўні будзе прынята рашэнне аб скарачэнні гучання кампазіцый беларускіх выканаўцаў у эфіры радыёстанцый з 75 да 50%.

Згадвалася, што гэтае рашэнне выклікана неабходнасцю паляпшэння канкурэнтнага асяроддзя ў музычнай культуры і творчага развіцця айчынных артыстаў.

У Міністэрстве інфармацыі БелаПАН паведамілі, што пытанне аб мэтазгоднасці зніжэння квоты на гучанне беларускай музыкі

сапраўды нядаўна абмяркоўвалася на нарадзе. Аднак канчатковае рашэнне прынята не было. Таму аб неадкладным скарачэнні квоты да 50% казаць нельга, заявілі ў Мінінфармацыі.

У ліку тых, хто выступае за скарачэнне квоты, ёсць і прадстаўнікі радыёстанцый. «Рашэнне аб скарачэнні квот мы толькі вітаем, — сказала ў інтэрв’ю БелаПАН праграмны дырэктар «Аўтарадыё» Ірына Львова. — Баюся нават гаварыць на гэтую тэму, каб не спудзіць. Хаця ў любым выпадку не адмовімся ад ратацыі беларускамоўных трэкаў поп‑музыкі, рок‑музыкі, блюза, джаза. Зніжэнне абавязковай нормы з 75 да 50% магло б паўплываць на павышэнне якасці беларускіх кампазіцый у радыёэфірах».

На думку Львовай, пасля ўвядзення квоты ў 75% многія радыёстанцыі перагледзелі сваю палітыку, вывучылі архівы і знайшлі шмат якасных беларускіх трэкаў, якія сталі запускаць у радыёэфір. «Яны падабаліся слухачам. Але мінуў час, старыя трэкі ўжо перасталі падабацца, а новыя або нашмат горш, або наогул адсутнічаюць. Таму цяпер радыёстанцыі сутыкнуліся з праблемай запаўнення эфіру. Прыняцце рашэння аб скарачэнні абавязковай колькасці песень беларускіх артыстаў у эфіры FM‑станцый дазволіла б вырашыць праблему», — упэўнена праграмны дырэктар «Аўтарадыё».

Юлія Міцкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0