Браты: Джон, Роберт, Эдвард, 1960 г., фота N.Y.Times

Браты: Джон, Роберт, Эдвард, 1960 г., фота N.Y.Times

26 жніўня пайшоў з жыцця сенатар Эдвард Кенэдзі. Для Амерыкі, ды і для ўсяго свету, гэта не проста смерць аднаго з самых вядомых і ўплывовых палітыкаў у стане дэмакратаў — гэта заканчэнне цэлай эпохі.

Клан

Эдвард, ці, як яго часцей называлі, — Тэд Кенэдзі самы малодшы з дзевяці дзяцей вядомага палітыка і дыпламата Джозефа Патрыка Кенэдзі і Роўз Элізабет Фіцджэралд.

Самы старшы з чатырох братоў — Джозеф быў ваенным лётчыкам і загінуў зусім маладым у жніўні 1944‑га. Самы славуты — Джон Фіцджэралд Кенэдзі (ён таксама прымаў удзел у баявых дзеяннях падчас Другой сусветнай вайны), стаў 35‑м прэзідэнтам ЗША і быў застрэлены ў 1963‑м, на сорак сёмым годзе жыцця. Менш як праз пяць гадоў забілі сенатара Роберта Кенэдзі, якому было ўсяго сорак тры.

Тэд Кенэдзі пайшоў з жыцця апошнім з братоў — ён памёр ад раку мазгоў у 77 гадоў.

Сям’я, альбо, паводле ірландскай традыцыі, клан Кенэдзі займае выключнае месца ў гісторыі ЗША ХХ стагоддзя. І не толькі таму, што сям’я была каталіцкай, а Дж.Ф.К. стаў першым і адзіным католікам, абраным прэзідэнтам ЗША.

Нейкі злы рок, фатум смерці, які лунаў над братамі Кенэдзі, зрабіў гэтых без таго неардынарных асобаў яшчэ больш папулярнымі і прыцягальнымі ў вачах мільёнаў людзей.

Мабыць, варта ўзгадаць і трагічны лёс двух з пяці сясцёр Кенэдзі. Самая старшая з іх — Розмары яшчэ ў дзяцінстве трапіла ў псіхіятрычны шпіталь (яна памерла ў 2005‑м). Яе сястра Кэтлін загінула ў 1948 годзе ў аўтакатастрофе, ва ўзросце 28 гадоў.

«Бобі»

Так здарылася, што за некалькі дзён да смерці Эдварда Кенэдзі беларускі канал СТВ паказаў амерыканскі фільм «Бобі», прысвечаны яго брату Роберту.

Сенатар‑дэмакрат Роберт Кенэдзі быў забіты ў чэрвені 1968 года ў гатэлі «Амбасадор» у Лос‑Анджэлесе, на прыёме з нагоды яго перамогі ў каліфарнійскіх «праймерыз» падчас прэзідэнцкай кампаніі. Дзеянне фільма, якое разгортваецца ў «Амбасадоры», на першы погляд, не мае дачынення да забойства і наогул да вялікай палітыкі.

Мы бачым маленькія чалавечыя драмы і трагедыі. Гаспадар гатэля, прыхільнік Дэмакратычнай партыі, звальняе свайго менеджэра за тое, што той не нагадаў іспанамоўным супрацоўнікам пра неабходнасць узяць удзел у галасаванні. Малады мексіканец — мыйшчык посуду з‑за няўрочнай працы не можа пайсці на бейсбольны матч з удзелам улюбёных «Доджэрс». У выніку ён аддае свой білет чорнаскураму кухару. Менэджэр паведамляе жонцы гаспадара гатэля пра тое, што яе муж здраджвае ёй з тэлефаністкай. Разыгрываецца сямейная драма. Драма адбываецца і паміж багатым пастаяльцам і яго жонкай — папулярнай спявачкай, якая стала алкагалічкай. Дзяўчына выходзіць замуж за хлопца, каб яго не пасылалі ў В'етнам, але ў гатэлі высвятляецца, што яны сапраўды закахаліся адно ў аднаго. Два маладыя валанцёры, якія дапамагаюць выбарчаму штабу Кенэдзі, хочуць набыць крыху «траўкі», але нечакана трапляюць у рукі прапаведніка Царквы ЛСД (ад назвы наркатычнага рэчыва — дыэтыламід d‑лізергінавай кіслаты; праз некалькі гадоў сын Роберта Кенэдзі Дэвід памрэ ад перадазіроўкі наркотыкаў, другі яго сын Майкл загіне падчас катання на лыжах у гарах). Маладая журналістка чэшскай «Рудэ Права» дамагаецца інтэрв’ю з кандыдатам у прэзідэнты ЗША, наіўна спрабуючы патлумачыць нешта наконт «пражскай вясны» і «сацыялізму з чалавечым тварам».

І толькі напрыканцы фільма глядач разумее, што ўсе гэтыя людзі — сведкі і ахвяры трагедыі, якая здарылася ў гатэлі. На іх вачах Роберт Кенэдзі будзе забіты, яшчэ пяць чалавек — паранены злачынцам. Усе, акрамя Кенэдзі, выжылі.

Настальгія

Рэжысёру фільма Эміліё Эстэвесу, якія таксама выконвае адну з роляў, удалося сабраць у мега‑зорак галівудскага кіно — Энтані Хопкінса, Чарлі Шына, Шэран Стоўн, Дэмі Мур, а таксама папулярных маладых актораў Ліндсі Лохан, Элайджу Вуда і многіх іншых. Па‑сутнасці, яго фільм — кінематаграфічнае прызнанне ў любові да Роберта Кенэдзі, поўнае настальгіі па незабыўных крызісных 60‑х.

У адміністрацыі прэзідэнта Кенэдзі ён займаў пост міністра юстыцыі. Абодва былі паслядоўнымі праціўнікамі расавай сегрэгацыі — не толькі ў адносінах да афраафрыканцаў, але і «лацінас». (Персанаж згаданага фільма — белы менеджэр нават слова «лацінас» лічыць занадта годным для сваіх падначаленых, якіх ён называе проста «мексікашкамі». ) Роберт выступаў і супраць вайны ЗША ў В’етнаме. Многія амерыканцы падчас выбарчай кампаніі з яго імем звязвалі надзеі на яе заканчэнне. Але перамог на выбарах 1968‑га года Рычард Ніксан…

Дарэчы, сярод персанажаў фільма «Бобі» яго прататып так і не з’явіцца. Мы бачым яго толькі ў кадрах кінахронікі, а ў фінале чуем рэальны голас Роберта Кенэдзі за кадрам, які гаворыць пра надзею на тое, што некалі амерыканская нацыя зноў стане адзінай…

Апошні магіканін

Тыя, хто сачыў за інаўгурацыяй прэзідэнта ЗША Барака Абамы, запомнілі, напэўна, драматычны момант, калі падчас урачыстага сняданка ў Кангрэсе Эдвард Кенэдзі, які быў адным з ганаровых госцей, страціў прытомнасць. Смяротная хвароба дала аб сабе знаць.

Сенатар Кенэдзі, які актыўна падтрымліваў Абаму ад самага пачатку яго выбарчай кампаніі, паводзіў сябе мужна да апошніх сваіх дзён.

А тады, пасля забойства свайго брата Роберта, ён перажыў сапраўдны шок, на нейкі час упаў у дэпрэсію. Але ўсё ж вырашыў удзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах. Яго амбіцыям перашкодзіць новая трагедыя. У 1969 годзе Тэд трапіць у аўтакастрофу на мосце Дайк, які злучае астравы Чапаквідык і Мартас‑Віньярд на атлантычным узбярэжжы штата Масачусетс. «Олдсмабіль», у якім сенатар ехаў разам са сваёй памочніцай Мэры Джо Капэчын (яна працавала раней і з Робертам Кенэдзі) раптам страціў кіраванне і ўпаў у ваду. Тэду ўдалося выплыць, а яго спадарожніца загінула. (Дагэтуль памятаю фатаграфіі з месца здарэння на развароце нямецкага часопіса «Шпігель», які камусьці са знаёмых маіх бацькоў удалося тады кантрабандай прывезці ў Савецкі Саюз.)

У выніку скандалу Тэд Кенэдзі зняўся з прэзідэнцкіх выбараў. Але ён шмат разоў перавыбіраўся сенатарам ад Масачусетса.

Гісторыя сям’і Кенэдзі, поўная ўзлётаў і падзенняў, у тым ліку, і ў непасрэдным сэнсе гэтага слова, нагадвае фантастычную сагу.

Толькі, адрозна, скажам, ад літаратурных герояў «Сагі пра Фарсайтаў», браты Кенэдзі былі людзьмі з плоці і крыві, якім выпалі сапраўды цяжкія выпрабаванні. Тайна, якая пакрывае забойстваў Джона і Роберта Кенэдзі, пасля смерці іх малодшага брата, напэўна, назаўсёды застанецца часткай мінулай эпохі. Якая больш ніколі не паўторыцца.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0