Фота Прессбола.

Фота Прессбола.

Першы матч плэй‑оф Лігі Еўропы пакідаў беларусам невялікія шанцы прайсці балгарскі «Літэкс». Пра гэта ж казалі і букмекеры.

Зрэшты, трэнер барысаўцаў Віктар Ганчарэнка крайне проста патлумачыў гульнявую ўстаноўку — перамагчы з любым лікам.

Здаецца, балгары свядома аддалі гасцям кантроль над мячом, прапанавалі сыграць першым нумарам. Самі ж спадзяваліся на контратакі, асабліва ў звязку з выхадам на поле траўмаванага бразільца Тома.

Ганчарэнка ж пайшоў ва‑банк,

выпусціўшы на поле адразу трох (!) намінальных форвардаў (Скавыш, Радзівонаў і Алумона). Затое ў запасе засталіся жалезныя гульцы асновы Крывец і Няхайчык.

Напэўна, гэты матч можа стаць рэкордным для БАТЭ па колькасці парушэнняў правіл. Нямецкі арбітр Грёфе свісцеў па прычыне і без яе. Прычым, у абодва бакі. Гэта рабіла гульню нейкай рванай.

У першым тайме перспектыўныя моманты адкрыць лік мелі Скавыш і Алумона, але скарыстацца імі не змаглі. Тым не менш, самы небяспечны момант нарадзіўся ўсё ж ля варот БАТЭ. Аднак з ударам Сандрыньё справіўся 20‑гадовы Аляксандр Гутар, які падмяніў у браме Сяргея Верамко.

Другі тайм праходзіў яшчэ больш у няспешнай гульні. Зноўку некалькі разоў майстэрствам бліснуў Гутар.
А ўвогуле ж складвалася ўражанне, што барысаўцы банальна саступаюць супернікам у фізічнай сіле. Не беглі беларусы. Хіба што Агнэс Гааран неяк раскачагарваў атаку.

Але самае цікавае ў матчы адбылося за пяць хвілін да фінальнага свістка. Ігар Шытаў здалёку гахнуў па варотах. Удар атрымаўся мудроны, таму сербскі брамнік гаспадароў Галубавіч змог толькі перавесці мяч на вуглавы. Ішла 86‑ая хвіліна. У першай гульні менавіта ў гэты час памыліўся Сяргей Сасноўскі. Тая памылка каштавала БАТЭ перамогі.

На гэты ж раз Сасноўскі рэабілітаваўся — і яшчэ як! Ён вышэй усіх узляцеў у штрафной і галавой нарэшце размачыў «Літэкс» — 1:0.

Віктар Ганчарэнка так эмацыйна перажываў гэты поспех, што арбітр быў вымушаны выдаліць яго на трыбуны. Балгары кінуліся адыгрывацца, але ў асноўны час зрабіць гэта ім не ўдалося.

Цікавая акалічнасць — беларускія клубы ў еўракубках яшчэ ні разу не прайгравалі ў дадатковы час ці па серыі пенальці. Прыкмета спрацавала і на гэты раз.

«Літэкс» проста стаў. Нападаючым БАТЭ не склала вялікіх намаганняў разарваць параненага суперніка. Спачатку гол арганізавала пара Скавыш — Радзівонаў. Потым дубль аформіў усё той жа Сяргей Сасноўскі — сапраўды герой гульні разам з Гутарам.

Ну і форменны разгром «Літэкс» зафіксаваў Максім Скавыш — 4:0. БАТЭ ў Лізе Еўропы.

Балгарскія фаны адзначыліся досыць хамскімі паводзінамі. Пасля другога голу на поле паляцелі розныя прадметы. Да фінальнага свістка стадыён амаль апусцеў.

Другі год запар БАТЭ выступае ў якасці магільшчыкаў балгарскіх клубаў. Летась быў «Леўскі», цяпер — «Літэкс».

Сёння, у пятніцу, а 13:45 у швейцарскім Ньёне адбудзецца лёсаванне групавога турніру Лігі Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?