Большасць мінчан не хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў ПТВ ці працавалі на дзяржпрадпрыемстве; сярод саміх выпускнікоў школ такое жаданне прысутнічае толькі ў 1%.

Пра гэта паведаміў са спасылкай на звесткі сацдаследавання старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Уладзімір Шчэрба 28 жніўня на форуме педагагічных работнікаў Мінска.

Ён адзначыў, што пры выбары прафесіі моцная, а часта з’яўляецца вырашальнай пазіцыя бацькоў. Аднак нярэдка яны прад’яўляюць школе запыты, якія не адпавядаюць патрэбам рынку працы і сацыяльна‑эканамічнай сферы горада. Паводле звестакапытання, толькі 19% бацькоў зрабілі свядомы выбар прафесіі разам са сваімі дзецьмі, астатнія сумняваюцца ці не ведаюць, куды накіраваць дзіця вучыцца.

Шчэрба адзначыў, што 75% выпускнікоў мінскіх агульнаадукацыйных устаноў паступаюць у ВНУ.

Паводле слоў старшыні камітэта, штогод з устаноў адукацыі Мінска «адсейваюцца» 400 чалавек, з першага месца працы звальняюцца 300 чалавек. У студзені ў службе занятасці сталіцы ў якасці беспрацоўных было зарэгістравана 785 выпускнікоў агульнаадукацыйных школ, устаноў прафадукацыі, сярэдніх навучальных устаноў і ВНУ.

Паводле меркавання чыноўніка, неабходна ўзмацніць працу па прафарыентацыі, якая павінна ажыццяўляцца комплексна, з роўным удзелам усіх зацікаўленых бакоў — бацькоў, работадаўцаў, сацыяльных службаў.

Шчэрба паведаміў, што Мінгарвыканкам мае намер заняцца пытаннем арганізацыі для школьнікаў экскурсій прафарыентацыйнага зместу.

«Дзеці фактычна не ўяўляюць сабе, што такое сучасная вытворчасць, навуковыя ўстановы, прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці, камунальныя прадпрыемствы і так далей», — сказаў ён.

Прадстаўнік Мінгарвыканкама таксама заявіў пра мэтазгоднасць распрацоўкі гарадскога міжведамаснага праекта па прафарыентацыі школьнікаў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0