30 жніўня напярэдадні матчу «МТЗ‑РІПА» — «Дынама‑Брэст» фанаты ўчынілі бойку ў парку каля Нацыянальнай бібліятэкі. Многім спатрэбілася мэдычная дапамога. Дзесяць брыгадаў хуткай дапамогі даставілі ў бальніцы каля 20 заўзятараў з ірванымі ранамі і сінякамі. Затрыманыя каля 50 удзельнікаў бойкі.
Паводле праваахоўных органаў, затрыманым ад 16 да 26 гадоў. У міліцыі не выключаюць, што ў дачыненні да зачыншчыкаў бойкі будзе распачатая крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, непаўналетнія, якіх затрымалі падчас бойкі, былі адпушчаны. Дарослых даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, дзе яны правялі мінулую ноч, а сёння паўсталі перад судом. Паседжанні адбываюцца ў судзе Першамайскага раёну. Як паведамілі БелаПАН у Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, пяцярых пацярпелых у бойцы завезлі ў гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, двух — 10-ю гарадскую клінічную бальніцу, па адным — у 6-ю гарадскую клінічную і мінскую абласную бальніцы.

Як паведаміў намеснік галоўнага доктара па хірургіі гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Ігар Шыманскі, па стане на вечар 31 жніўня ў бальніцы засталіся двое пацярпелых. Маладыя людзі атрымалі лёгкія чэрапна-мазгавыя траўмы і сінякі. Стан здароўя пацыентаў здавальняючы, днямі яны будуць выпісаныя дамоў, адзначыў Шыманскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?