Расейска-беларускі слоўнік венерычных і скураных захворванняў выйшаў гэтымі днямі ў Гомелі.

Аўтар, асістэнт кафедры поліклінічнай тэрапіі і агульналекарскай практыкі Гомельскага медычнага ўніверсітэту, лекар-дэрматавенеролаг Сяргей Сохар узяў расейска-беларускія слоўнікі агульнай лексікі, а таксама медычныя слоўнікі і назбіраў з іх 800 словаў і тэрмінаў, датычных гэтай медычнай галіны.

«Па-расейску ёсць, дык чаму па-беларуску няма? Крыўдна зрабілася — вось і склаў я слоўнік, — кажа Сохар. — Большасць словаў у слоўніку падобныя, бо зазвычай маюць адзінае грэцка-лацінскае паходжанне. Але сёе-тое трапляецца непадобнае: герпес — па-беларуску будзе таксама «вогнік», а аборт, акрамя тоеснага слова лацінскага паходжання, перакладаецца яшчэ чыста беларускім адпаведнікам «спарон».

Слоўнік венерычных і скураных захворванняў прызначаецца для студэнтаў медычных ВНУ, лекараў-навукоўцаў, лекараў-практыкаў, а таксама для супрацоўнікаў сумежных спецыяльнасцяў.

«Лекцыі ў медычным універсітэце я вяду зазвычай па-расейску, але калі справа даходзіць да апісання чарговай хваробы, дык я кажу: «Вось, калі ласка, ёсць такая хвароба сіфіліс, а па-беларуску яшчэ яна называецца «пранцы», — дадае Сяргей Сохар. — і ў студэнтаў гэтая інфармацыя выклікае здаровую цікавасць».

15-старонкавы слоўнік выдадзены ў тыпаграфіі Гомельскага дзяржуніверсітэту імя Францішка Скарыны накладам усяго толькі 40 асобнікаў. Неўзабаве ён будзе распаўсюджаны па спецыялізаваных і публічных бібліятэках краіны. А вось у інтэрнэт-гасцёўнях ахвочыя ўжо выказваюць жаданне набыць гэты слоўнік за вялікія грошы.

ЛК, з выкарыстаннем матэрыялу з БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0