Расія і Польшча створаць два супольныя цэнтры вывучэння масавых расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні.

Пра гэта 1 верасня на сумеснай прэс-канферэнцыі дамовіліся расійскі прэм’ер Уладзімір Пуцін і ягоны польскі калега Дональд Туск. Прэм’еры абмеркавалі магчымую працу дзвюх груп, якая прадугледжвае раскрыццё архіваў. «Калі нашы спецыялісты будуць мець доступ да вашых архіваў, вашы будуць мець доступ да нашых», – адзначыў У.Пуцін.

Д.Туск у сваю чаргу адзначыў, што «праўда можа быць балючай, але яна нікога не можа прынізіць». «Я вельмі сур’ёзна стаўлюся да заявы спадара Пуціна пра раскрыццё архіваў і згодны на гэта на ўмове ўзаемнасці, — адзначыў польскі прэм’ер. — Вялікія народы, а менавіта такімі з’яўляюцца расейцы і палякі, не павінны баяцца праўды».

І амаль адразу лагодны адказ польскага прэм’ера змяніўся на больш жорсткую ацэнку. Ніхто ў Польшчы не забудзе, колькі сваёй крыві пралілі тут савецкія салдаты, сказаў ён. І працытаваў аднаго з венгерскіх пісьменнікаў: «Яны вызвалілі нас, але не маглі даць свабоды, бо самі яе не мелі».

Расстрэл у 1940 годзе польскіх афіцэраў у Катыні з’яўляецца адной з крыніц напружанасці ў польска-расійскіх адносінах. Сваякі забітых палякаў неаднойчы спрабавалі рэабілітаваць іх праз расійскія суды. У 2008 годзе расійскія спецслужбы перадалі Польшчы архівы, звязаныя з гэтай расстрэлам.

ВЖ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0