У Брэсцкай вобласці 31 жніўня адбыліся два няшчасныя выпадкі, у якіх кормаўборачнымі камбайнамі смяротна траўмаваная 79-гадовая пенсіянерка, 46-гадовы мужчына атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Першы выпадак адбыўся каля дзевяці раніцы ў Пінскім раёне. Як паведамілі ў пракуратуры раёна, на полі побач з вёскай Чамля 79-гадовая мясцовая жыхарка збірала кукурузныя пачаткі. Вышыня кукурузы на гэтым участку поля дасягае трох метраў. Механізатар, які ўбіраў кукурузу на камбайне, не заўважыў жанчыну і зачапіў яе жняяркай. З траўматычнай ампутацыяй правай нагі яна была змешчана ў рэанімацыйнае аддзяленне Пінскай гарадской бальніцы, дзе памерла.

У гэты ж дзень у 16.40 у Брэсцкае РАУС паступіла паведамленне аб тым, што на полі паблізу вёскі Леплеўка жняяркай камбайна для ўборкі кукурузы траўмаваны 46-гадовы мясцовы жыхар. З траўматычнай ампутацыяй абедзвюх галёнак ён змешчаны на лячэнне ў бальніцу. Праверку па дадзеным факце праводзіць Брэсцкае РАУС.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0