2 верасьня ў 17:30 на магіле а. Яна Матусевіча на Кальварыйскіх могілках будзе адслужаная паніхіда.
Адзінаццаць гадоў таму памёр а. Ян Матусевіч. Першы пробашч адноўленай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску і першы Дэкан грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Айцец Ян Матусевіч нарадзіўся 24 ліпеня 1948 года, паходзіў з беларускай сям’і з уніяцкімі каранямі. Адчуўшы ў маладыя гады пакліканьне да святарскага служэньня ў Каталіцкай Царкве а. Ян быў пазбаўлены магчымасці яго зрэалізаваць, таму ў 1972 годзе ён паступіў у праваслаўную семінарыю ў Смаленску і ў 1974 годзе быў высьвячаны на сьвятара.
У 1979 годзе а. Ян далучыўся да Каталіцкай Царквы і з 1979 года да 1990 года выконваў абавязкі пробашча рыма-каталіцкай парафіі ў Барунах.
Менавіта ў Баруны ў 1989 годзе на сьвята Сьвятога Язафата прыяжджала група беларускай уніяцкай моладзі, якая яшчэ была пазбаўлена пастырскай апекі.
У 1990 годзе а. Ян Матусевіч стаў першым пробашчам грэка-каталіцкай парафіі сьв. Язэпа ў Менску.
Ён таксама быў сябром-закладальнікам Беларускага Біблійнага Таварыства і сябрам Рады Таварыства беларускай мовы.
2 верасьня ў 17:30 на магіле а. Яна Матусевіча на Кальварыйскіх могілках будзе адслужаная паніхіда.