Ад яе залежыць пачуцце асабістае прасторы, выявілі амерыканскія нейрафізіёлагі.

«Павага да чужой асабістай прасторы – крытычны аспект сацыяльнага ўзаемадзеяння людзей, якога мы прытрымліваемся, не задумваючыся. Наша праца дазваляе выказаць здагадку, што мігдалепадобнае цела галаўнога мозгу гуляе ў гэтым ключавую ролю, прымушаючы людзей адчуваць моцны дыскамфорт, калі хтосьці падыходзіць да іх заблізка», – сказаў вядучы аўтар публікацыі Дэніэл Кенэдзі, словы якога прыводзіць прэс‑служба Каліфарнійскага тэхналагічнага ўніверсітэта ЗША.

Мігдалепадобнае цела ўжо было вядома навукоўцам як вобласць мозгу, злучаная з моцнымі негатыўнымі эмоцыямі — злосцю і страхам, аднак дагэтуль ніхто не мог выявіць ягоную сувязь з паўсядзённым узаемадзеяннем людзей.

Адкрыццё адмыслоўцаў з Каліфарнійскага тэхналагічнага ўніверсітэта стала магчымым дзякуючы працы з унікальным пацыентам – 42‑гадовай жанчынай, якая мае шырокія двухбаковыя пашкоджанні мігдалепадобнага цела.
Ва ўсім свеце налічваецца ўсяго некалькі чалавек з падобнымі выяўленымі парушэннямі ў структуры гэтай долі галаўнога мозгу.
Гэтая жанчына з цяжкасцю распазнае пагрозу і страх у выразах твараў людзей і не можа выразна судзіць, каму з людзей варта давяраць, а каму — не.
Акрамя таго, гэта пацыентка выяўляе празмерную прыязнасць адносна да ўсіх без выключэння людзей, а таму лёгка пераходзіць мяжу, якую людзі завуць асабістай прасторай.
У сваіх новых даволі простых эксперыментах група навукоўцаў папрасіла 20 добраахвотнікаў з самых розных этнічных груп і сацыяльных пластоў насельніцтва, вызначыць максімальна блізкую камфортную адлегласць да эксперыментатара.
Для гэтага добраахвотнікі ўставалі насупраць чалавека і падыходзілі да яго датуль, пакуль у іх не з’яўлялася пачуццё дыскамфорту ад празмернай блізкасці. Унікальная пацыентка ва ўсіх гэтых эксперыментах падыходзіла да даследніка на адлегласць каля 0,34 метра, тады як здаровыя добраахвотнікі спыняліся ў сярэднім у 0,64 метра ад навукоўца. Пры гэтым пацыентка не адчувала, нават знаходзячыся нос да носу з эксперыментатарам.

У дадатковых эксперыментах навукоўцы з дапамогай магнітарэзананснай тамаграфіі вывучалі актыўнасць мігдалепадобнага цела добраахвотнікаў, якія па просьбе навукоўцаў думалі пра тое, ці знаходзіцца эксперыментатар непасрэдна побач з тамографам ці кіруе эксперыментам з суседняга пакоя. Знаходзячыся ўсярэдзіне тамографа, добраахвотнік не мог ведаць, дзе насамрэч знаходзіцца навуковец. У гэтых доследах навукоўцы таксама пераканаліся, што нават

думак пра знаходжанне чалавека заблізка досыць для актывізацыі мігдалепадобнага цела.

Велічыня асабістай прасторы моцна адрозніваецца ў супольнасцях людзей, аб’яднаных рознай культурай, найболей яскрава гэтае адрозненне выяўляецца пры параўнанні заходніх краін з усходнімі дзяржавамі. Аўтары артыкула мяркуюць, што і фармаванне такога паняцця, як асабістая прастора, пад уздзеяннем асабістага досведу і культуры зносін паміж людзьмі адбываецца таксама з удзелам міндалепадобнага цела. Гэта ж вобласць мозгу можа «падладжваць» асабістую прастору, калі чалавек трапляе ў нестандартную сітуацыю ці надоўга трапляе ў чужую краіну з іншай культурай зносін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?