Прафесар Яўген Шырокаў збудаваў сабе хату, якая забяспечваецца ад ветрака і сонечнай батарэі.

Дом прафесара Шырокава ў Бяларучахузвялі звычайныя будаўнікі.

Дом прафесара Шырокава ў Бяларучах
узвялі звычайныя будаўнікі.

Эканомія прыродных рэсурсаў ў свеце ўзыходзіць у ранг рэлігіі. Беларусы таксама робяць першыя няўпэўненыя крокі.

Свабода ад камунальшчыкаў

Яўген Шырокаў – віцэ-прэзідэнт Міжнароднага грамадскага аб’яднання эколагаў – апантаны прапагандыст экалагічных дамоў у Беларусі. На ўласным прыкладзе ён паказвае ўсім ахвотным, як пісьменна рэалізаваць ідэю незалежнасці ад камунальных службаў. Ні за ацяпленне, ні за ваду, ні за электрычнасць ён не плаціць ні рубля.

Да экалагічнага дома Шырокава можна вазіць экскурсіі. Зрэшты, тыя, хто праязджаюць паблізу вёскі Бяларучы, што знаходзіцца ў 20 кіламетрах ад Мінска, самі звяртаюць увагу на дзіўны дом. Круглы, з конусападобным дахам і саламянымі сценамі… Адразу кідаецца ў вочы, што да дома не ідзе ніводнага провада.
Для нашага часу – дзівацтва. Але так і стаіць сабе, самастойны і незалежны.

Яўген Шырокаў хоча будаваць такія дамы па ўсёй краіне, але менавіта «незалежнасць» стала асноўным аргументам не на яго карысць.

— Які гэта вы прыклад будзеце падаваць людзям? Такі, што не трэба плаціць ні за ацяпленне, ні за электрычнасць? – задалі яму рытарычнае пытанне, калі эколаг прапанаваў будаваць такія дамы ў прамысловых маштабах.

Пад саламяным дахам

Узвесці дом для сябе Шырокаву дазволілі, а вось у шырокае выкарыстанне праект не пусцілі. Навукоўца зладзіў наваселле ў пачатку года і кажа, што жыццё ў экадоме яго цалкам задавальняе:

— Непадалёку ад дома ёсць крынічка з вадой, зусім побач — калодзеж глыбінёй 2,5 метра, – распавядае Шырокаў. — Паколькі паверхневая вада ў Беларусі забруджана нітратамі, для тэхнічных патрэбаў я бяру ваду з калодзежа, а вось для пітва – з крыніцы.

На страсе ўсталяваны вятрак на 400 ват, а таксама фотаэлектрычныя (сонечныя) панэлі. Яны збіраюць энергію для дома. Калі пахмурна і зацішна, уключаюцца акумулятары.

Сцены выраблены з саломы і пакрыты спецыяльным агняўстойлівым растворам. Гаспадар упэўнены, што дом вытрымае любую буру.

У дзяржавы камфортна, а ў Шырокава танна

Экалагічныя дамы пакуль застаюцца недзяржаўнай ініцыятывай. Афіцыйны бок ставіцца да ідэі без энтузіязму.

Дырэктар Навукова-даследчага і праектна-тэхналагічнага інстытута будіндустрыі імя С.Атаева Уладзімір Піліпенка не хавае скепсісу ў адносінах да дзейнасці Шырокава:

— Гэта ж несур’ёзна! Мы, калі будуем дамы, павінны рабіць яго зручнымі і камфортнымі. Нашыя праекты разлічаны на шмат дзесяцігоддзяў. А колькі прастаіць «экалагічны дом» — загадка.

Асноўны аргумент, які прыводзіць навукоўца-экалог у падтрымку свайго стварэння – таннасць будоўлі.

— За свой дом я заплаціў агулам $35 тысяч. Атрымліваецца $400-500 за квадратны метр — недзе на 40% танней, чым ў цагляным ці панэльным доме, — падводзіць калькуляцыю Шырокаў.

Экадамы супраць нафтагазавай іглы

Яўген Шырокаў бачыць у будаўніцтве экалагічных дамоў не толькі практычныя, але і стратэгічныя перавагі.

— Калі звярнуцца да альтэрнатыўных крыніцаў энергіі, можна паменшыць залежнасць ад Расіі, – упэўнены навукоўца. — Гэта праца на перспектыву. Калі людзі з мегаполісаў не паспеюць стаць энерганезалежнымі, яны сутыкнуцца са складанасцямі.

У Беларусі ўжо пабудавана каля пяцідзесяці энергапасіўных дамоў. Гэта значыцца, што яны спажываюць мінімальную колькасць энергіі. На выгляд дамы нічым не розняцца ад суседніх.

Экалагічнасць дома ў разуменні дзяржавы — яго энергазберагальнасць. Трэба аддаць належнае, за гэтае пытанне ўлада ўзялася сур’ёзна.

Міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандр Селязнёў загадаў перайсці на масавае будаўнітцва такіх жылых дамоў.

— У іх спажыванне энергіі на абаграванне змяншаецца ў тры разы ў параўнанні з тымі дамамі, што будавалі раней, — прыводзіць падлікі Уладзімір Піліпенка. — Квадратны метр атрымліваецца даражэйшым на $50-100. Але выдаткі акупяцца хутка за кошт эканоміі энергарэсурсаў.

Еўропа як узор

Еўропа на такія нормы энергазберагальнасці перайшла даўно. Там ідуць далей. Шукаюць яшчэ навейшыя тэхналогіі.

Аднак

і ў перадавой Скандынавіі цалкам энергапасіўныя дамы — як у Шырокава — збольшага таксама прэрагатыва апантаных эколагаў.
А вось праекты, якія аб’ядноўваюць зручнасць і бяспечнасць жылля з энергазберагальнымі тэхналогіямі, карыстаюцца шырокай дзяржаўнай падтрымкай.

Ягор Марціновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0