4-6 верасня ў сядзібе «Вiшнёвы сад» вёскi Шаткава, што на Бабруйшчыне, пройдзе бардаўскi фестываль «Культурная эвалюцыя».

«Культурная эвалюцыя» — гэта насамрэч мiжнародны фестываль аўтарскай песнi, якi пачнецца 4 верасня ў сядзiбе «Вiшнёвы сад» вёскi Шаткава, што на Бабруйшчыне. Сам факт арганiзацыi такога буйногаа бардаўскага фестывалю ў Беларусi — ужо з'ява. Ды мясцiны Дунiна-Марцiнкевiча павiнны натхняць на творчасць. I яна будзе: у тры фестывальныя днi знойдзецца час для майстар-класа — для тых, хто хоча пiсаць песнi па-беларуску. Ужо гэта само па сабе — цуд. I сапраўды эвалюцыя: бо беларуская аўтарская песня жыве, пакуль ёсць прыток новых аўтараў. У гэтым упэўнена i Вольга Залеская, выканаўца ўласных песень, адна з арганiзатараў фестывалю.

— Вы чакаеце шмат вядомых гасцей — лiтаратурнага крытыка Льва Анiнскага, выканаўцу Сяргея Нiкiцiна, Барыса Бурду ды iншых. Хто з беларускiх бардаў возьме ўдзел у фестывальных мерапрыемствах?

— У нас так чамусьцi адбывалася, што беларускамоўная i рускамоўная аўтарская песня жылi паралельным жыццём да цяперашняга часу. Бывала, што на фестывалях рускамоўных з'яўлялiся беларускiя аўтары, i члены журы, якiя разумелi i ведалi беларускую мову, маглi нешта сказаць на гэты конт. Але ж у журы не абавязкова былi носьбiты мовы. У той жа час беларускамоўныя злёты адбывалiся без удзелу рускамоўных бардаў. А мне асабiста вельмi цiкава, што адбываецца ў беларускамоўнай аўтарскай песнi. Я была ў журы апошняга адборачнага фестывалю на «Пецярбургскi акорд», там пачула некалькi калектываў, лiдары якiх пiшуць па-беларуску. Мы разумелi, што iм абсалютна нiчога не свецiць у плане перамогi ў Санкт-Пецярбургу (наўрад цi журы зразумее iх думкi), але менавiта яны паехалi на гэты мiжнародны фестываль аўтарскай песнi. Таму што яны заслугоўвалi гэтага.

I вось нарадзiлася iдэя спецыяльна запрасiць людзей, значных у культуры беларускамоўнай песнi — Змiцера Вайцюшкевiча, спевака i кампазiтара; Алеся Камоцкага, паэта, аўтара i выканаўцу; музычнага журналiста Надзею Кудрэйку, якая шмат гадоў вяла на беларускiм радыё праграму аб аўтарскай песнi «Мая музыка». Яны ведаюць, што такое добрая песня i з чаго яна складаецца.

— Вы ўключылi ў праграму знакавы для беларускай культуры тэатральны спектакль «Камедыя» паводле Марашэўскага i Аляхновiча. Гэта таксама вялiкая падзея, бо ён iшоў шмат гадоў з вялiкiм паспехам, але апошнiм часам iграецца вельмi рэдка...

— Дырэктар нашага фестывалю Артур Шуляк — першы выканаўца ролi Дзёмы. Гэта курсавая праца яго выпуску ў пастаноўцы Андрэя Андросiка. Таму дамовiцца з калегамi яму самому не склала цяжкасцi. Спектакль «Камедыя» вельмi адпавядае канцэпцыi нашага фестывалю, калi вы ўзгадаеце, ён iдзе на дзвюх мовах — на рускай i беларускай. I гэта таксама знакавая рэч. Акрамя таго, зараз час сiнтэзу жанраў. I калi паглядзець уважлiва, то ў нас у праграме, акрамя спектакля, будуць i паэтычныя чытаннi, у нас арганiзуецца праграма «Музыка без межаў», куды прыедуць гурты не аўтарскай песнi, салiсты, напрыклад, Макс Iвашын, гурт «Босае сонца», фольк-гурт пад кiраўнiцтвам Ксенii Мiнчанкi. Мы адкрытыя для прапаноў iншых гуртоў — акустычных i iнструментальных.

— Часта згадваецца Грушынскага бардаўскага фестывалю, якi праходзiць у Расii, з яго славутай свабоднай атмасферай, песнямi ля вогнiшча. У нас будзе тая ж схема?

— Класiчная схема правядзення фестывалю аўтарскай песнi ў палявых умовах — так званыя злёты.

— У Беларусi такое было?

— Было. Наша краiна была адным з цэнтраў бардаўскай песнi. Апошнi буйны злёт, якi сабраў некалькi тысяч людзей, праходзiў на Брылеўскiм полi напрыканцы 80-х гадоў, памяцi барда Арыка Крупа. Яшчэ пры Савецкiм Саюзе. Трэба сказаць шчыра — камсамол даваў пэўныя сродкi для правядзення гэтага фестывалю, тады не стаяла пытанне пошуку спонсараў, бо эканамiчныя ўмовы былi iншымi. Магчыма, у многiм з-за таго, што не было потым такiх крынiц фiнансавання, вялiкiя фестывалi амаль не праводзiлiся. Другая прычына — калi розныя рэспублiкi сталi называцца краiнамi, людзi страцiлi магчымасць вольна перасоўвацца праз межы, гублялiся кантакты... Таму праводзiлiся хутчэй разавыя акцыi групамi энтузiястаў цi клубамi. Напрыклад, фестываль памяцi Аляксандра Чуланава, якi праводзiў беларускi клуб аматараў аўтарскай песнi.

— На якую публiку вы разлiчваеце сёння?

— Мы разлiчваем на сваю публiку — на тых, хто не толькi любiць i цэнiць аўтарскую песню, але яшчэ разумее сённяшнiя ўмовы, у якiх мы iснуём i з-за якiх мы вымушаны iсцi па не зусiм звыклай схеме для аўтарскай песнi. У нас дзейнiчае новае заканадаўства наконт узгаднення правядзення масавых мерапрыемстваў. Ёсць шмат iншых арганiзацыйных нюансаў, якiя трэба вырашыць. Таму людзi, якiя прыедуць на фестываль, будуць вымушаны ( няхай i сiмвалiчна) плацiць за стаянку сваёй палаткi. Прадугледжаны i нейкi рэгiстрацыйны ўзнос. Але мы пастаралiся зрабiць так, каб ён быў мiнiмальны i каб было зручна для тых, хто прыедзе непасрэдна ўдзельнiчаць у фестывалi ўсе тры днi — будзе там жыць i прысутнiчаць пры ўсiх падзеях. Тыя, хто едзе на адзiн дзень, будуць плацiць прыкладна столькi ж.

Фестывальная сцэна размесцiцца на вялiкай паляне ля прыватнай сядзiбы «Вiшнёвы сад». Гэта тое месца, куды будуць прыходзiць як людзi, зарэгiстраваныя i акрэдытаваныя на фестывалi, так i ўсе ахвотныя бабруйчане i тыя, хто прыедзе толькi на адзiн дзень. На iншым баку пратокi мы арганiзуем палатачны лагер, якi будзе ахоўвацца. Уваход у яго будзе адкрыты толькi для тых, хто прыехаў менавiта жыць на фестывалi. Прыязджаць трэба са сваiмi палаткамi, будзе магчымасць прыпаркаваць прыватны транспарт. Усiх забяспечаць пiтной вадой, дапамогуць арганiзаваць вогнiшча, будуць падвозiцца дровы за сiмвалiчную плату, разгорнецца выязны гандаль.

Ларыса Цімошык, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0