Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей падчас учорашняй сустрэчы з кіраўніком мінскага Офісу АБСЕ Гансам‑Ёханам Шмітам заявіў, што не бачыць сэнсу ў далейшым існаванні прадстаўніцтва.

«Беларускі бок вымушаны сур’ёзна задумацца над перспектывамі далейшай дзейнасці Офісу АБСЕ, у тым ліку ў адносінах прызначэння новага кіраўніка. Тым больш, аб’ектыўных прычын для прысутнасці АБСЕ ў Мінску няма», — лічыць сп.Макей.

Шміт пакіне сваю пасаду ўжо напрыканцы верасня, але новы кіраўнік яшчэ не прызначаны, і невядома ці будзе прызначаны.

Лідэр Партыі АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што беларускія ўлады вельмі даўно хочуць пазбавіцца прадстаўніцтва АБСЕ ў краіне.
«Як бы тое не было, але прысутнасць місіі АБСЕ сведчыць, што сітуацыя з правамі чалавека ў краіне кепская. І гэты Офіс з’яўляецца бяльмом у вачах уладаў. Цяпер вельмі добрая сітуацыя, каб скінуць цяжар з плячэй», — кажа А.Лябедзька.

Палітык мяркуе, што закрыццё Офісу ёсць задачай максімум для ўладаў, задачай мінімум з’яўляецца вызначэнне кадравай палітыкі ў прадстаўніцтве. «І гэтую спакусу стварыў сам пасол Шміт. Улады пабачылі, што не кожны заходні дыпламат ёсць праблемай і галаўным болем для іх. Офіс перастаў быць генератарам нейкіх ідэй і ініцыятыў. Як бы мы не крытыкавалі ў свой час Віка, але гэты чалавек насамрэч выконваў свае функцыі. І Вік, і Хайкен, і Петэрсан працавалі ў нашмат больш складаных умовах. Шміт жа за апошні час фактычна ператварыўся ў дарадцу ўладаў», — лічыць А.Лябедзька.

Старшыня АГП мяркуе, што далейшы лёс місіі будзе залежыць ад палітычнай волі галоўнага офісу АБСЕ. «Улады цяпер не ў той сітуацыі, каб дыктаваць свае ўмовы», — гаворыць палітык.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?