Ён аддаў перавагу кансерваваму заводу ў Тураве. Каментуе Сямён Печанко.

«Кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з ходам прац па ўборцы кукурузы і новымі распрацоўкамі беларускіх сельгасмашынабудаўнікоў, а таксама наведае кансервавы завод у Тураве», – паведаміла ўчора АНТ у выніковым выпуску навінаў. Здавалася б, шараговы сюжэт, звыклыя піяр-інспекцыі палеткаў вакол летняй рэзідэнцыі ў часе жніва. Калі б не адна акалічнасць – першай навіной у тым начным выпуску было паведамленне пра прылёт з Польшчы вайсковага самалёта з целамі беларускіх пілотаў.

У Баранавічах польскі генерал называе нашых лётчыкаў героямі, а ў Тураве Лукашэнка выказвае незадаволенасць працай кансервавага заводу. Кіраўнік дзяржавы некалькі разоў на год прымярае вайсковы мундзір, а не прыехаў 3 верасня на развітанне з баранавіцкімі пілотамі.

Можна здагадвацца аб прычынах такога ігнаравання. Гэта такі своеасаблівы клопат пра ўласны імідж – унікаць атаесамлення ўласнай асобы з трагедыямі. У любым выпадку, такія паводзіны кіраўніка Беларусі рэзка кантрастуюць з дзеяннямі ягоных замежных калегаў у падобных сітуацыях. Цяжка ўявіць сабе Нікаля Сарказі, які б у такі момант паехаў інспектаваць вінаграднікі ці вінзаводзік недзе побач з Пірэнеямі.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0