У звароце накіраваным прэзідэнту Літвы Далі Грыбаўскайтэ сваякі зніклых — Зінаіда Ганчар, Вольга Завадская і Ульяна Захаранка — выказалі занепакоенасць магчымым візітам у Літву кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Яны просяць прыняць усе меры, каб гэты візіт не адбыўся.

3‑га верасня ліст быў перададзены амбасадару Літвы. Яго аўтары звяртаюць увагу пра наяўнасць доказаў дачынення вышэйшых асобаў дзяржавы да злачынных дзеянняў.

У лісце гаворыцца, што сёлета спаўняецца 10 год з моманту палітычных выкраданняў у Беларусі.

«Нашы шматлікія хадайніцтвы аб праверцы дачынення да злачынстваў вышэйшых асобаў дзяржавы кампетэнтнымі органамі нематывавана адхіляліся. Улады Беларусі працяглы час дэманструюць нежаданне расследаваць гэтыя справы», — гаворыцца ў лісце.

«Як нам стала вядома, 16 верасня 2009 году ў літоўскай сталіцы будзе праходзіць літоўска‑беларускі бізнес‑форум, на які павінен прыехаць і А.Лукашэнка.

Але менавіта ў гэты дзень 10 гадоў таму, 16 верасня 1999 года, быў выкрадзены Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Візіт Лукашэнкі, з нашага пункту гледжання, будзе азначаць адно — прызнанне Літоўскай Рэспублікай легітымнасці цяперашняга кіроўнага рэжыму, які дагэтуль падазраецца ў страшных злачынствах,» — нагадваюць сваякі зніклых.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?