Крызіс даецца ў знакі нашай эканоміцы. Гэта можна зразумець, калі пабачыш цяперашнія навіны дзяржаўных каналаў тэлебачання. Чэсныя журналісты сёлета вызначаюцца не толькі агранамічнымі ведамі — паведамляючы пра тоны зжатага, цэнтнеры высушанага і літры здадзенага. Сёлета яны яшчэ, так бы мовіць, і рэвізоры на паўстаўкі.

Штодня нам круцяць сюжэты пра затаваранасць прадпрыемстваў. Маладыя журналісты ездзяць па Беларусі, уломваюцца на заводы і здымаюць на камеру поўныя паліцы ці застаўлены тэхнікай падворак прадпрыемства.

З разумнымі тварамі яны выкрываюць на ўсю краіну няўдалых мэнэджэраў, распавядаюць пра нялёгкую долю простых працоўных, якія недаатрымоўваюць належны заробак. Маўляў, накрыўкі для закрутак разыходзяцца «на ўра», а вось нажніцы, якія таксама вырабляе прадпрыемства, не прадаюцца на гэтулькі адсоткаў.

«Рэвізоры з тэлевізара», як называць іх цяпер на заводах і фабрыках. Пасля такой карцінкі яны пачынаюць разважаць пра хібы кіраўніцтва, закасцянеласць поглядаў. Пачынаеш нават верыць, што вось гэты маладзён з мікрафонам бачыць далёка і перспектыўна, не тое што стары сівы дырэктар.
І сам дырэктар апраўдваецца: затое мы выканалі план, даведзены дзяржаваю.

Планы тыя таксама ніхто карэктаваць не збіраецца, таму, з аднаго боку, над кіраўніцтвам вісіць пагроза невыканання ўзятых перад дзяржавай (ці, лепш кажучы, даведзеных) паказчыкаў. А з іншага боку, даводзіцца адказваць і за перавытворчасць нікому не патрэбнай прадукцыі. Не выканаеш плана — знімуць, а то і пасадзяць. Выканаеш, але не прадасі — тое самае.

Журналісты прыедуць, за гадзінку‑другую «разбяруцца» ў праблеме і палятуць назад. І няўцям тым маладым і чэсным, што і іх «прадукцыя», якую выліваюць нам на галаву штодня з тэлевізараў, радыё і газет, таксама даўно састарэла маральна.
Дый пра перавытворчасць ідэалагічнага прадукту ўжо даўно трэба ўздымаць пытанне. Насельніцтва яму не верыць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?