З верасня ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры прайшла канферэнцыя «Акупацыя Польшчы ў 1939 годзе: шляхі прымірэння».

Першы дакладчык, Рыгор Лазько з Гомельскага універсітэту, адзначыў, што не цалкам згодны з такой пастаноўкай праблемы. На яго погляд, не можа быць мовы аб прымірэнні, калі канфлікту, маючага карэнні ў вераснёўскіх падзеях 1939 году, у сучаснай Беларусі папросту не існуе. Так, як не існавала беларускай дзяржавы ў тыя часы. Натуральна, што Беларусь не можа разглядацца, як удзельніца акупацыі Польшчы.

Спадар Лазько таксама зазначыў, што «паход савецкай арміі ў верасні 1939 году нельга назваць адназначна вызваленчым. Такая трактоўка патрабуе карэкцыі. Беларусь з‑пад польскай адміністрацыі трапіла пад савецкую.
Гэта нельга назваць вызваленнем».

Даследчык таксама адзначыў, што да вераснёўскіх падзей прапольскі рух у рэгіёне быў вельмі слабы. Большасць насельніцтва прытрымлівалася альбо беларускай нацыянальнай ідэалогіі, альбо не ўмешвалася ў палітычныя справы.

Становішча польскага насельніцтва на землях Заходняй Беларусі ацэньваў Войцех Сляшынскі з Беластоцкага універсітэту. Паводле польскага даследчыка, беларусы не неслі пагрозы польскай адміністрацыі ў верасні 1939 году. Ніякіх антыпольскіх выступаў у першыя тыдні вайны не было – яны пачаліся толькі непасрэдна перад наступленнем савецкіх войск.

Спадар Сляшынскі адзначыў, што «пасля савецкай акупацыі Заходняй Беларусі колькасць палітычна матываваных забойстваў прадстаўнікоў польскай адміністрацыі тут значна пераўзыходзіла колькасць аналагічных забойстваў на землях Заходняй Украіны, што даволі нечакана.

Даследчык з Беластока таксама адзначыў, што ў сучаснай польскай свядомасці падзеі верасня 1939 году атаесамляюцца хутчэй з даўнім польска‑расійскім процістаяннем, чым з беларускімі выступленнямі супраць Польшчы. В.Сляшынскі таксама гаварыў аб памылковай палітыцы польскіх уладаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, што стала адным з фактараў прыязнага стаўлення беларускага і жыдоўскага насельніцтва да новай улады.

У дыскусіі, якая распачалася пасля выступаў дакладчыкаў, было закранутае пытанне сапраўднага часу ўз’яднання Заходняй Беларусі і Беларусі Савецкай. Георгій Лазько падсумаваў, што можна гаварыць аб трох этапах аб’яднання. Першы – 17 верасня 1939 года, калі адбылося падпарадкаванне Заходняй Беларусі савецкай адміністрацыі. Другі – канец кастрычніка 1939 года, калі са згоды Народнага Сходу Заходняй Беларусі адбылося юрыдычнае афармленне ўз’яднання і трэці этап – 1941 год – калі перастала існаваць ахоўваная мяжа паміж Беларуссю Заходняй і Савецкай.

Другая частка канферэнцыі была прысвечаная абмеркаванню шляхоў прымірэння. Асаблівае значэнне такому дыялогу надавала прысутнасць у зале прадстаўнікоў розных краін, што ўдзельнічалі ў вайне – Германіі, Польшчы, Беларусі. Прамаўлялі таксама прадстаўнікі праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёлу, яўрэйскай меншасці Беларусі. Кожны бок гаварыў аб сваім разуменні падзей верасня 1939 і ўсёй Другой Сусветнай вайны. У адрозненне ад сухіх прамоў гісторыкаў, што гучалі ў першай частцы канферэнцыі, выступы наведнікаў былі больш эмацыйнымі.

Натуральна, што кожны нават сёння мае свае ўласныя ўяўленні аб вайне – ідэалагізацыя гэтай важнай падзеі ў паваенныя гады мела свой уплыў. Аднак

амаль кожны выступоўца сканчаў сваю прамову жаданнем пакінуць вайну гісторыкам і не кіравацца негатыўным досведам у сённяшніх адносінах.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?