…Нарадзіўся ён пад Сонцам — значыць, жыццё яго будзе светлым, радасным, шчаслівым. Нарадзіўся ён пад Сатурнам — жыццё яго пойдзе па крывой арбіце, будзе нясталым, поўным непрыемнасці і напоўніць чалавека песімізмам і меланхоліяй…
Віктар Вальтар. Раман «Роджаныя пад Сатурнам».
Пакуты маладога Вальтара
Гэта «Пакуты маладога Вертэра» па-беларуску: з невытручальным дадаткамі адраджэнства, дзе ўласны лёс не адасабляецца ад лёсу краіны, з рэзкаводарнымі дамешкамі модных у 1920-я акультызму і псіхааналізу.
Але ў адрозненне ад гётаўскага Вертэра, галоўнага героя «Роджаных пад Сатурнам» Пётру Тугоўскага, датклівага студэнта, што вучыцца ў Празе і ў якім лёгка чытаецца сам Вальтар, замест духоўнае пустэчы спатыкаюць рэальныя беды. Безграшоўе, сухоты, пранцы. Як і Вертэр, Пётра перажывае нешчаслівае каханне да недасяжнай жанчыны. На ўсе пакуты героя каменем накладаецца паведамленне загадкавага астральнага чалавека, які пераконвае, што Пётра — народжаны пад нешчаслівым Сатурнам і проста не ў стане, паводле сваёй планетнай наканаванасці, дасягнуць шчасця…
Фрэйд і Багдановіч
Канец 1920-х — самы час для першай рэфлексіі наконт беларускага адраджэння. Маем — край падзелены на дзве, калі не тры часткі (лапік беларускіх земляў апынуўся яшчэ і ў незалежнай Латвіі). Скончылася нашаніўская пара, знікла БНР, заснавалася БССР.
Але ёсць і набыткі: заангажаваныя ў Беларушчыну людзі, выпрацаваныя сюжэты і рыторыка. Ужо можна прыпадабняць уласную долю да лёсу папярэднікаў. А калі ўзброіцца яшчэ тэорыямі псіхааналізу, дык ільга вывесці архетып беларуса і беларускага руху.
Тугоўскі абірае постаць нібыта таксама «роджанага пад Сатурнам» Максіма Багдановіча — як увасабленне наканаванасці, наперад вядомага трагічнага канца здольнага чалавека і краіны, неспраўджанага жыцця, вырачанага на кананне руху.
А дзе найлепш рэфлексуецца, як не ў Залатой масарыкавай Празе, не паточанай таталітарызмам?Як не на тле стракатага маскараду эмігранцкага жыцця? Жыцця, дзе пануе прынцыповае размежаванне паводле палітычных перакананняў — і адзінагалосная ціхмянасць у чэргах па стыпендыю. Дзе вядуцца бясконцыя спрэчкі паміж схуднелымі сацыялістамі і зацыраванымі лібераламі. Дзе, урэшце, дзейнічаюць такія па-гётаўску дваістыя постаці, як Янка Станкевіч і Тамаш Грыб?
Пісьменнік Віктар Вальтар (1902-1931), грамадзянін міжваеннай Латвіі, напісаў свой раман «Роджаныя пад Сатурнам» незадоўга да смерці ды не паспеў выдаць яго кнігай. Першую складку для публікацыі рамана зрабіў палітычны дзяяч і былы міністр абароны БНР Кастусь Езавітаў у 1932 годзе, але кніга была выдадзеная толькі сёлета.
Віктар Вальтар. Выбраныя творы. Раман, вершы, пераклады. Уклад. М.Казлоўскага, С. Панізніка. — Мінск: «Кнігазбор», 2009. — 280 с. 300 ас.