Суд Пружанскага раёна адмяніў незаконнае рашэнне Пружанскага райвыканкама, якое парушала правы малалетніх дзяцей.

Сэнс рашэння быў у тым, што мясцоваму аддзелу адукацыі дазвалялася змяшчаць дзяцей ва ўзросце ад паўтара да трох гадоў у сацыяльны прытулак, пасля таго як яны заставаліся без апекі бацькоў. Але гэтае рашэнне супярэчыла арт. 18 Закона РБ «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх». Згодна з гэтым артыкулам, такія дзеці павінны знаходзіцца ў арганізацыях аховы здароўя, а ў сацыяльны прытулак прымаюцца непаўналетнія дзеці ва ўзросце ад 3 да 15 гадоў.

Пракурор Пружанскага раёна апратэставаў такое рашэнне, але нягледзячы на яго відавочную незаконнасць, райвыканкам пратэст пракурора не разгледзеў і патрабаванні пра адмену рашэння не выканаў.

У сувязі з гэтым пракурор Пружанскага раёна паведаміў пра сітуацыю пракурору Брэсцкай вобласці, які ў сваю чаргу звярнуўся з пратэстам ў Брэсцкі аблвыканкам. Ён запатрабаваў адмяніць незаконнае рашэнне Пружанскага райвыканкама, якое парушае правы малалетніх дзяцей. Аднак аблвыканкам не вынес разгляд пратэста на свае паседжанне, а намеснік старшыні аблвыканкама ў сваім адказе згадзіўся з аргументамі пракурора, але паведаміў, што лічыць немэтазгодным адмену рашэння.

Тады пракурор вобласці звярнуўся з заявай у суд Пружанскага раёна. Рашэннем суда патрабаванні пракуратуры нарэшце былі задаволеныя і незаконнае рашэнне Пружанскага райвыканкама адмененае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?