Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч заклікае апазіцыйныя сілы аб’яднацца на аснове нацыянальнай ідэалогіі. Пра гэта ён заявіў на з’ездзе Партыі БНФ, які праходзіць 5 верасня ў Мінску.

Галоўнай мэтай дзейнасці апазіцыі на сучасным этапе палітык назваў прыход да ўлады. «Калі Беларусь стане дэмакратычнай, еўрапейскай, то будуць эфектыўная эканоміка, дабрабыт, адраджэнне, культура», — сказаў Мілінкевіч.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што апазіцыя зможа атрымаць «здольнага змагацца за перамогу кандыдата ў прэзідэнты, калі ён аб’яднае вакол сябе сілы, якія выступаюць за незалежнасць, свабоду, еўрапейскі шлях развіцця».

Мілінкевіч таксама выказаўся пра ініцыятыву Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) па правядзенні праймерыз (папярэдніх выбараў, падчас якіх павінен быць вызначаны кандыдат у прэзідэнты ад АДС). Паводле слоў палітыка, дэлегаты з’езда павінны адказаць сабе на пытанне: ці зможа Партыя БНФ пагадзіцца з тым, што ў выніку гэтай працэдуры адзіным кандыдатам у прэзідэнты можа стаць чалавек, які выступае за прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, за ўвядзенне расійскага рубля і саюзную дзяржаву з Расіяй? [Такія пазіцыі раней агучвалі Сяргей Калякін, лідэр Партыі камуністаў Беларускай, якая ўваходзіць у склад АДС. — БелаПАН.]

Аляксандр Мілінкевіч назваў Партыю БНФ «галоўнай нацыянальна-дэмакратычнай сілай Беларусі». Ён падкрэсліў, што рух «За Свабоду» не канкурэнт і не праціўнік, а партнёр Партыі БНФ, перад якім стаяць такія ж задачы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?