Адразу пасля з’езду новы старшыня Партыі БНФ адказаў на пытанні НН.

«Наша Ніва»: Аляксей, як сустрэў перамогу?

Аляксей Янукевіч: Нармальна. Безумоўна, што разлічваў перамагчы, але не рабіў ніякіх прагнозаў. Было вельмі прыемна. Асэнсаванне прыйдзе толькі праз нейкі час. Адчуваю вельмі вялікую адказнасць. Новая справа, новыя магчымасці.

«НН»: А не страшна ў такім маладым узросце ўзначаліць найстарэйшую партыю?

АЯ: Не страшна.

«НН»: Ты перамог. А што зараз?

АЯ: Ужо ў панядзелак плануем правесці сустрэчу актыву адносна далейшай працы па прапанаваным мной плане. Праз некалькі тыдняў, калі ўлягуцца ўсе страсці, я збіраюся пагаварыць з нашымі старэйшымі фронтаўцамі. Іхны досвед карысны для далейшага развіцця партыі. Збіраемся праводзіць кампаніі па змяненні выбарчага заканадаўства. Маем у планах правесці гутаркі з людзьмі адносна хуткага перапісу. Растлумачыць, якія могуць быць падвохі. Таксама будзем распрацоўваць праграмы па выхадзе з сацыяльна‑эканамічнага крызісу.

«НН»: Цябе здзівілі паводзіны на з’ездзе старэйшага пакалення партыйцаў?

АЯ: Гэта эмоцыі. Я рады, што вялікая колькасць людзей, якія падтрымлівалі Баршчэўскага, засталіся ў зале, і працягвалі абмеркаванне нашай супольнай будучыні.

«НН»: Падзел унутры партыі насамрэч існуе?

АЯ: Так, ёсць розныя канцэпцыі развіцця БНФ. Разбурыць гэты падзел можна толькі цяжкай працай. Калі нашы апаненты ўбачаць канкрэтныя вынікі, то зноў далучацца да дзейнасці.

«НН»: Аналітыкі кажуць, што пасля твайго абрання БНФ можа трапіць у зону ўплыву Руху «За свабоду».

АЯ: Пад гэтым няма ніякага грунту. Можа і Рух «За свабоду» трапіць пад уплыў БНФ. Спадзяюся, што пад гэты пазітыўны зараз трапяць і іншыя палітычныя сілы.

«НН»: У праймерыз ад АДС партыя будзе ўдзельнічаць?

АЯ: Гэта будзе вырашаць Сойм. Асабіста я супраць.

«НН»: Як будзеш адзначаць перамогу?

АЯ: Не патрэбныя бурныя адзначэнні. Па шчырасці, за апошнія дні ў мяне накапілася вялікая стома. Хочацца добра выспацца. А ў панядзелак ужо пачаць працу на новай пасадзе.

* * *

Аляксей Янукевіч нарадзіўся ў 1976 годзе ў мінскай Чыжоўцы. У 1997 скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ па спецыяльнасці эканаміст‑менеджэр. Намеснік старшыні Партыі БНФ ад 2003. 5 верасня 2009 абраны старшынём.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?