Міраслаў Лайчак.

Міраслаў Лайчак.

Міністр замежных спраў Славакіі Міраслаў Лайчак лічыць, што дыялог Еўрасаюза і Беларусі ідзе на ўмовах Мінска. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы са старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, экс‑кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандрам Казуліным і актывістам дэмакратычнага руху Андрэем Кімам.

Як паведаміў Анатоль Лябедзька, падчас сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі і развіццё адносін паміж рэспублікай і Еўрасаюзам.

«Лайчак сказаў, што дыялог паміж Бруселем і Мінскам зараз ідзе на ўмовах Лукашэнкі, і ў гэтым ён бачыць недахоп. Слабы Лукашэнка вызначае фармат і парадак дня дыялогу з палітычна і эканамічна моцным Бруселем», — адзначыў Лябедзька.

Паводле яго слоў, Лайчак таксама падкрэсліў, што змены, якія адбываюцца ў Беларусі, «носяць касметычны характар». «Ён выступіў за тое, каб у Беларусі пачалі адбывацца незваротныя змяненні», — падкрэсліў Лябедзька.

Лідэр АГП адзначыў, што Лайчаку былі перададзеныя прапановы Аб’яднаных дэмакратычных сіл па нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕС, а таксама «дарожная карта» па ўступленні Беларусі ў Савет Еўропы.

«Лайчак сказаў, што яму было важна перад сустрэчамі з прадстаўнікамі ўлады даведацца пра нашу пазіцыю. Вынікі свайго візіту ў Беларусь ён плануе абмеркаваць і на сустрэчы з міністрам замежных спраў Швецыі, што старшынствуе ў ЕС, Карлам Більтам, якая запланавана на 14 верасня», — сказаў Лябедзька.

Міністр замежных спраў Славакіі прыбыў у Мінск з візітам 6 верасня. На сёння запланаваная яго сустрэча з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. 7 верасня ў Мінску адбудуцца Беларуска‑славацкі дзелавы форум і кантактна‑кааперацыйная біржа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?