Колькасць абанентаў мабільнай сувязі ў Беларусі склала 9 мільёнаў чалавек. Гэта пакуль што не перавышае агульнай колькасці насельніцтва. Пранікненне мабільнай сувязі ў краіне складае 93%.
Мабільнікі працуюць нават там, куды яшчэ не дайшлі стацыянарныя тэлефоны.

Тры гульцы на рынку мабільнай сувязі рэпрэзентуюць тры розныя краіны. Гэта МТС (Расія), Velcom (Аўстрыя) і Life:)(Турцыя). Пасля таго, як дзяржава прадала свае акцыі замежным кампаніям, на рынку значна ўзрасла канкурэнцыя.

Цэны не абваліліся, але колькасць цікавых прапановаў і тарыфаў значна ўзрасла. Вайна за спажыўца на руку самому спажыўцу.

25000 рублёў з абанента

Паспяховасць аператара мабільнай сувязі можна ацэньваць па некалькіх паказальніках.

Па-першае, гэта колькасць абанентаў.

МТС утрымлівае лідэрства з 4,483 мільёнамі абанентаў. Да Velcom падключана 3,817 мільёна чалавек. Life:), нягледзячы на самыя хуткія тэмпы росту, далёка-далёка ззаду — 0,6 мільёнаў карыстальнікаў.

Іншае пытанне, якая доля з гэтых абанентаў актыўная. Няма ніякай праблемы раздаць бясплатна сім-карты ўсёй Беларусі — у абаненты будзе запісана 10 мільёнаў чалавек, а прыбытак застанецца ранейшым, бо шмат хто не будзе карыстацца сувяззю.

Таму

другі істотны паказальнік фіксуе колькасць грошай, патрачаных сярэднестатычным абанентам кампаніі.
Абанент Velcom у сярэднім па-ранейшаму генеруе больш абароту за кліента МТС. $8,7 за месяц супраць $7,8. Life:) зноў у іншай вагавай катэгорыі. З кожнага карыстальніка туркам ўдаецца атрымаць усяго $1,5.

Калі ж разглядаць уласна прыбытак кампаній за першае паўгоддзе 2009 года, то высвятляецца, што лідэрам стаў Velcom — $39 мільёнаў. МТС зарабіў $35 мільёнаў, а Life:) напрацаваў у мінус $11 мільёнаў.

Хуткая дапамога Velcom

Аператары не шкадуюць грошай на рэкламу. Па падліках кампаніі «Медыятактыка»,

тройку самых актыўных рэкламадаўцаў Беларусі складаюць менавіта аператары мабільнай сувязі. Разам яны займаюць каля 18% рэкламнага рынку краіны.
Вось што значыць канкурэнцыя!

Але калі лайфаўскі містэр Падключальнік і мтс-аўскі крыкун ў тэатры пастаянна круцяцца ў тэлевізары, то рэкламы Velcom доўга не было відаць. Аўстрыйская кампанія часова не супрацоўнічала з каналамі, якія адносяцца да Белтэлерадыёкампаніі, праз асабісты канфлікт з Аляксандрам Зімоўскім. Таму перастаў падабацца ўзровень паслуг аператара. Бакі паразумеліся, але, як кажуць, асадак застаўся. Тым не менш, Velcom не адчувае сябе абдзеленым. Сярод яго карпаратыўных кліентаў, напрыклад, хуткая дапамога.

Параўнанне з суседзямі

Замежныя мабільныя аператары адаптуюць свае тарыфы да беларускага рынку. Ці адрозніваюцца яны ад тых, што ёсць у суседніх краінах?

Life:) працуе ў Турцыі, Беларусі і Украіне. Асноўны тарыфны план — «Свабодны». Званкі ўнутры сеткі бясплатныя, званкі ў іншыя сеткі ў Беларусі — 249 рублёў, ва Украіне (у пераліку на рублі) — 330 рублёў. Перадаплата ў нас — 10000 рублёў, ва Украіне — 8500 рублёў. Як бачна, прапановы прыблізна роўныя.

А вось МТС у Беларусі, Расіі і Украіне прапануе розныя тарыфы. Напрыклад, кантрактны тарыф «Будзь больш практычным» з абаненцкай платай у 6000 рублёў і званкамі ўнутры сеткі па 60 рублёў. У чымсьці ён пераклікаецца з украінскім «МТС першы» з платай у 5000 рублёў у месяц. Але там прапануюцца званкі па 33 рублі за першую хвіліну размовы і 11 рублёў за наступныя. Украінскі варыянт выгаднейшы. А вось

расійскі МТС ад абаненцкай платы амаль адмовіўся. Яна захавана толькі на элітных безлімітных тарыфах. Можна меркаваць, што тэндэнцыя адмовы ад абаненцкай платы пяройдзе і на беларускую філію.

Velcom у суседніх краінах не працуе, таму параўноўваць яго тарыфы няма з чым.

Цэны тарыфных планаў на мабільную сувязь у Еўропе выглядаюць значна вышэйшымі, чым у Беларусі. Праўда, за кошт пастаянных акцый і зніжак там без праблем адшукаць бясплатныя варыянты.

Колькасць абанентаў, млн
МТС 4,483
Velcom 3,817
Life:) 0,6

Колькасць грошай, патрачаных абанентам за месяц, $
Velcom 8,7
МТС 7,8
Life:) 1,5

Прыбытак кампаній за першае паўгоддзе 2009, млн $
Velcom 39
МТС 35
Life:) -11

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?