posterВяроўка (Rope)
ЗША, 1948, каляровы, 80 хв.
Рэжысёр: Альфрэд Хічкок
Ролі выконваюць: Джэймс Сцюарт, Джон Дол, Фэрлі Гранер, Сэдрык Гардуік, Канстанс Калье, Джаан Чэндлер
Жанр: Крымінальны трымценнік паводле п’есы Патрыка Гэмілтана
Адзнака: 9,5 (з 10)

Брэндан і Філіп, якія прымяраюць на сябе ролю звышчалавекаў, душаць свайго сябра Дэйвіда і засоўваюць ягонае цела ў куфар. Пасля гэтага яны склікаюць гасцей, сярод якіх бацька Дэйвіда, ягоная сяброўка і іхні выкладчык Руперт, на ідэях якога злачынцы і гадаваліся. Кандыдаты ў звышчалавекі вырашылі паказытаць сабе нервы і даказаць сабе, што для іх няма нічога немагчымага. Але яны яўна недаацанілі, што іхняй гісторыяй зоймецца Альфрэд Хічкок, геніяльны рэжысёр і мараліст.

У беларускіх гледачоў з’явіўся шчаслівы шанец пабачыць на вялікім экране класіку англа-амерыканскага майстра, чыім імём палохалі дзетак зляканыя камуністы. Нягледзячы на паважаны век, карціна «Вяроўка» — несастарэлы, напяты, як дрот, трымценнік, і файны кінаэксперымент, магчымасці якога сучаснае мастацтва асэнсавала толькі цяпер.

Каб максімальна прыкуць гледача да экрану, Хічкок здымаў гэты фільм адным планам, так што на ўсю карціну маецца толькі некалькі малазаўважных мантажных склеек, калі мяняюцца кінабабіны. Мы становімся саўдзельнікамі злачынства — і не здольныя адысці далёка ад банкетнага стала, у які пераўтвораны куфар з трупам. Мы слухаем лёгкую балбатню, але жэсты і позіркі пачынаюць выдаваць стоенае. Хто і калі выкрые забойцаў? І ці выкрые, увогуле?

Хічкок — адзін з заснавальнікаў жанру трылера, які зрабіў з яго высокае мастацтва. Хічкок стварае напружанне з анічога, з чакання, з твараў, з недагаворок, з закадравых шумоў і буйных планаў. Тысячы рэжысёраў спрабавалі паўтарыць ягоныя метады, фільмы разабраныя на цытаты, а сюжэты замыленыя, без перабольшання, у мільёнах паўтораў. Але мала хто здольны так «браць гледача за шчэлепы», як гэта робіць Хічкок.

Аснова трымцення паводле Хічкоку — першародны грэх, саўдзел у забойствах — і злачынства самога позірку гледача. Зло мусіць быць пакаранае, але бойка разгортваецца ў сэрцах разявакаў, якія прыйшлі (і прыйдуць) за незабыўнымі адчуваннямі ў кінатэатр.

«Вяроўка» — першы фільм з рэтраспектывы майстра. Карціна дэманструецца 9 верасня ў кінатэатры «Перамога», а 14-20 верасня ў «Цэнтры-відэа». Надалей будуць паказаныя такія этапныя стужкі, як «Акно ў двор», «Галавакрут» і «Псіха».

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?