Гомельскі абласны суд разглядае на выязным пасяджэнні ў Мазыры крымінальную справу ў дачыненні да 45-гадовага вайсковага пенсіянера і яго 21-гадовага сына, жыхароў Жлобіна, якія абвінавачваюцца ў забойстве вадзіцеля-дальнабойшчыка і разбойным нападзе на магазін.

Як паведамілі БелаПАН у Гомельскім абласным судзе, абвінавачаныя былі затрыманы 12 лютага. Было ўстаноўлена, што 3 лютага яны ўчынілі разбойны напад на магазін у Светлагорскам раёне, нанеслі цяжкія цялесныя пашкоджанні прадаўцам і выкралі грошы — прыкладна 300 тыс. рублёў.

Гэтыя ж асобы 6 лютага напалі на вадзіцеля-дальнабойшчыка ў Ельскім раёне і жорстка яго забілі. Злачынства ўчынена недалёка ад пагранічнага пункта на мяжы з Украінай. Вадзіцель перасек мяжу, спыніўся на заправачнай станцыі, да яго падышлі злачынцы ў форме пагранічнікаў і паспрабавалі прад`явіць дакументы. Затым абвінавачаныя накінуліся з нажом на вадзіцеля і забілі яго, забралі мабільныя тэлефоны. 25-гадовы хлопец, ахвяра злачынцаў, быў жыхаром Крычава Магілёўскай вобласці.

На следстве абвінавачаныя растлумачылі, што вайсковы пенсіянер, аматар казіно, меў шмат пазыкаў — ён браў крэдыты і займаў грошы ў знаёмых, бо захапляўся гульнявымі аўтаматамі. Каб вярнуць пазыкі і крэдыт, сваякі адважыліся на злачынства.

Чакаецца, што прысуд будзе абвешчаны на наступным тыдні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?