Гісторыя папярэджвае: тыранія можа існаваць вельмі доўга. Дыктатура небясьпечная для ўсіх – і ўнутры краіны і за мяжой. Трываць яе – значыць дэградаваць. Піша Сяргей Богдан.

 Прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі і былы прэзідэнт Габону Амар Бонга.

Прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі і былы прэзідэнт Габону Амар Бонга.

Працягваюцца беспарадкі і гвалтоўныя сутыкненьні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Габоне, а на вуліцы габонскіх гарадоў выведзенае войска. Надоечы, 3 верасьня, пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў у Габоне быў абвешчаны Алі Бонга, а ягоныя апанэнты заявілі пра фальшаваньне выбараў. У перамозе Алі было няшмат сумневаў дзеля велізарных адміністрацыйных рэсурсаў, якімі ён валодаў, ды проста казачна вялікага багацьця сям’і Бонга, назапашанага за часы кіраваньня бацькі новага прэзыдэнта. Бацька Алі Бонга паставіў адзін з рэкордаў па працягласьці кіраваньня краінай на афрыканскім кантынэнце – 41 год. Калі ў чэрвені 73-гадовы стары нарэшце сканаў, габонцы спадзяваліся на перамены да лепшага.

Анягож, у габонцаў, у адрозьненьне ад многіх іншых краінаў Трэцяга сьвету, ёсьць рэальная аснова для заможнага жыцьця. Зарослы вільготнымі трапічнымі лясамі, саваннай і мангравымі зарасьнікамі Габон знаходзіцца на ўзьбярэжжы Атлянтычнага акіяну ў цэнтры Афрыкі на самым экватары. Там жыве толькі 1,3 мільёна чалавек, але край надзвычай багаты карыснымі выкапнямі, перадусім нафтай ды марганцам, якія актыўна здабываюцца на экспарт. Праўда, як былая француская калёнія, Габон дагэтуль застаецца пад уплывам Францыі, з якой прыходзіць 65% імпарту, а ў краіне жыве аж дзесяць тысячаў францускіх грамадзянаў.

Аўтаномія дзяржавы ад грамадзтва

Аднак дагэтуль на багацьці габонскіх нетраў нажывалася збольшага толькі прэзыдэнцкая сям’я Бонга, якая стала неймаверна багатай на тле таго, як астатнія габонцы гібелі ў галечы. Дарма, кажуць відавочцы, вы будзеце шукаць сьлядоў нафтавага багацьця нават у сталіцы краіны, гэта вам не Дубай. Габон, які намінальна па даходах на душу насельніцтва пераўзыходзіць усе афрыканскія краіны і нібыта не саступае Партугаліі, па сацыяльных паказьніках – у прыватнасьці ахове здароўя і ўзроўню жыцьця – насамрэч нічым не адрозьніваецца ад астатніх афрыканскіх краінаў паўднёвей Сахары. Францускі штодзёньнік «Лё Монд» неяк падлічыў, што 80% даходаў Габона ідуць у кішэні ўсяго 2 адсоткаў насельніцтва – кіруючай эліты ды іх сваякоў. Толькі 10 % дарог у краіне заасфальтаваныя – многія зь іх дзякуючы міжнароднай дапамогі, а 60 % паспалітых людзей жывуць менш чым на 2 даляры ў дзень. Гэтыя людзі ядуць адзін голы рыс нават бяз поліўкі, а ў школьных клясах сядзіць па 120 вучняў, распавядае «Нью-Ёрк Таймз».

Вядома, такая ж нэндза і занядбанасьць назіраецца, прыкладам, і ў той самай Малі ці Буркіна-Фасо, але ў апошніх гэта ўспрымаецца як пэўная непазьбежнасьць – грошай у дзяржавы няма, тады як габонцы штодня назіраюць, як на тле іх неймавернай беднасьці ва ўрада, і галоўнае ў сям’і Бонга множацца даходы ад нафты і драўніны (Габон – другі ў Афрыцы экспартэр драўніны). Адзінае, што мае народ ад таго – гэта краявіды Бонгавых палацаў найсучасьнейшай архітэктуры на тле трушчобаў у сталіцы Габону – Лібрэвілі (што, як ні сьмешна, азначае па-француску, «Вольнае места»). Затое самыя шыкоўныя кавалкі нерухомасьці ў Парыжы належаць сям’і Бонга – нядаўна яны сталі прадметам разьбіральніцтва францускай юстыцыі.

Габонцы вінавацяць Францыю, што тая дапамагла зараз малодшаму Бонгу прыйсьці да ўлады, дый цягам гадоў умешвалася ў справы краю. Парыж пасьлядоўна падтрымліваў старэйшага Бонгу, даслаў яму войскі на падмогу, калі ў Габоне ў 1990 годзе выбухнулі пратэсты, а Сарказі нават прыляцеў на пахаваньне Бонгі-бацькі. У адказ, старэйшы Бонга, як распавёў неяк былы прэзыдэнт Шырак, грашова дапамагаў некаторым францускім палітыкам.

За кошт гэтых двух чыньнікаў – замежнай падтрымкі ды нафта-марганца-драўнінных даходаў габонская дзяржава (а фактычна сямейнае прадпрыемства Бонгаў) набыла аўтаномію ад грамадзтва. То бок, свабоду рабіць што хочаш і пры гэтым не зьвяртаць ўвагі на грамадзянаў, бо ўлада твая абапіраецца зусім не на іх, а на грошы і чужыя войскі.
Гэта – агульная бяда многіх краінаў Трэцяга сьвету зь вялікімі прыроднымі рэсурсамі або магутнымі хаўрусьнікамі. Бо нармалёвая эфэктыўная дзяржава і на Захадзе, і на Ўсходзе – гэта дзяржава як інструмэнт грамадзтва, празь які грамадзтва ў цэлым і яго чальцы адстойваюць свае інтарэсы. Адпаведна, эфэктыўная дзяржава – гэта дзяржава чуйная да голасу сваіх грамадзянаў, ці на выбарах, ці на вуліцах і СМІ ды іншых месцах.

Эль-Хадж Амар Бонга Адымба – старэйшы Бонга, які, увайшоўшы ў сусьветную нафтавую хеўру арабскіх шэйхаў, раптам абвесьціў сябе мусульманінам ды прыняў гэты пышны тытул – заўжды прыслухоўваўся да каго заўгодна, апроч свайго насельніцтва. На яго зьвярталі ўвагу і на Захадзе, балазе што дзеля нафты гэтая краіна мае дыспрапарцыйную сваім невялікім памерам – удвая меншая за Беларусь па тэрыторыі – вагу ў міжнароднай палітыцы. Да таго ж Бонга-бацька цягам дзесяцігоддзяў падтрымліваў мёртвую стабільнасьць у сваёй краіне, нягледзячы на навакольную ліхаманку афрыканскай палітыкі. Таму ня дзіва, што Францыя ахвотна падтрымлівала рэжым бацькі ды, праўдападобна, падтрымае сына.

Бонгі своечасова засвоілі

галоўную навуку для ўсіх дыктатараў – выставіць сябе незаменнымі (хай сабе і ня лепшымі) кадрамі для магутных гульцоў сусьветнай палітыкі.
То бок можна быць нягоднікамі, але трэба быць «абсалютна патрэбнымі» іншым нягоднікамі. Тады вас будуць цярпець, нават калі вы станеце людажэрамі, як Бакаса.

Дыктатура маральна раскладае тых, хто яе церпіць

Амар Бонга ўсталяваў стабільнасьць у тым ліку і таму, што здолеў пасьпяхова выкарыстаць багацьце краіны, каб карумпаваць апазыцыйных і племянных лідэраў. Наступствы ўжо відавочныя – так, хаця па-сутнасьці на гэтых выбарах ішлося акурат пра спадчыну рэжыма, але ніводзін з асноўных кандыдатаў не наважыўся закранаць гэтай тэмы публічна, бо блізу што ўся эліта краіны скапрамэтаваная калябарацыяй з Бонгам-старэйшым, які проста купляў іх ляяльнасьць.

Старая крэатура сям’і Бонгаў – Габонская дэмакратычная партыя (ГДП) – мае разгалінаваную сетку сваіх арганізацыяў, а з чатырох асноўных кандыдатаў толькі адзін П’ер Мамбунду ніколі ня меў сувязяў з ГДП, бо за часы Бонга-старэйшага жыў у выгнаньні. То бок 41 год дыктатуры ня толькі спрыяў таму, каб краіна заставалася неразьвітай, але і дэмаралізаваў ды разбэсьціў усе больш-менш адукаваныя пласты насельніцтва. Горкая праўда, але дыктатура прыводзіць да дэградацыі ня толькі дыктатара, але і тых, хто яму падпарадкоўваецца.

Новы кіраўнік Габону – 50-гадовы Алі Бонга заўжды быў часткай рэжыму свайго бацькі і з малых гадоў рыхтаваўся да кіраваньня краінай. Ледзьве дасягнуўшы сталага веку, ён быў уключаны ў склад ураду, тады стаў міністрам замежных спраў, а апошнім часам займаў пасаду міністрам абароны дый займаўся разбудовай войска. Алі прыбраў сваё прозьвішча з перадвыбарных плякатаў, але гэта выклікала толькі сьмех габонцаў, бо ўсім ясна, што за ім стаіць спадчына старой бацькавай дыктатуры. Таму, калі ён на тых жа плякатох дэкляруе «справядліва пераразьмеркаваць нацыянальныя багацьці», вялікага даверу тое не выклікае.

***

Менавіта ў такіх нібыта празаходніх дыктатурах нараджаецца безнадзейнасьць, якая жывіць экстрэмізм ды нянавісьць да Захаду. Акурат такія ўмовы штурхаюць мільёны мігрантаў – легальных і не – шукаць шчасьця ў чужой старане. Дыктатура небясьпечная для ўсіх – і ўнутры краіны і за мяжой. Трываць яе – значыць дэградаваць. Гэта датычыцца ня толькі афрыканцаў.

Сяргей Богдан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0