Новым старшынёй лаяльнага ўладам Саюза палякаў у Беларусі на безальтэрнатыўнай аснове абраны 57-гадовы гродзенскі прадпрымальнік Станіслаў Сямашка.

З 143 дэлегатаў з`езда арганізацыі, які прайшоў у Гродне, «за» прагаласавалі 130, «супраць» — пяць, яшчэ восем чалавек устрымаліся.

Дэлегатам з`езда быў раздадзены нумар газеты СПБ «Glos znad Niemna» ад 11 верасня, дзе на першай паласе апублікавана інтэрв`ю з Сямашкам.

Новы кіраўнік арганізацыі нарадзіўся ў Шчучынскім раёне ў 1952 годзе. Мае гатэлі ў Шчучыне і Гродне. Газета адзначае спагадлівы і энергічны характар гэтага чалавека, выхадца з рабочай сям`і.

Сярод задач Сямашка назваў узнаўленне структур і страчанага аўтарытэту аб`яднання. Неабходна таксама навучыцца зарабляць грошы, будаваць дзіцячыя садкі, школы і дамы для састарэлых. Паводле меркавання Сямашкі, людзі павінны ўбачыць,

што паляк — гэта багаты і ўпэўнены ў сабе чалавек, які ўмее дамаўляцца, працаваць і адпачываць, а таксама трымаць слова.

«Для мяне вельмі важна, каб вакол былі багатыя, спагадлівыя і задаволеныя людзі. З такім саюзам грамадства будзе квітнець і стане прыкладам для пераймання», — лічыць Сямашка.

Раней СПБ на працягу чатырох гадоў узначальваў 73-гадовы Юзэф Лучнік. У 2005 годзе ўлады не прызналі вынікі V з`езда СПБ, на якім старшынёй аб`яднання была абрана Анжаліка Борыс.

Паводле інфармацыі журналіста Андрэя Пачобута, да мінулага года Сямашка не ўваходзіў у Саюз палякаў і ніяк не быў звязаны з польскім рухам. Затое ён узначальваў гарадзенскі аддзел лукашысцкай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?