У нядзелю, 13 верасня, прайшлі матчы 18-га туру чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе.

Барысаўскі БАТЭ атрымаў валявую перамогу ў Брэсце – 2:1, на гол Рамана Васілюка з пенальці (36-я хвіліна) пяціразовы чэмпіён адказаў галамі Аляксандра Паўлава на 64-й і 82-й хвіліне.

Мінскае «Дынама» выйграла ў «Нёмана» 2:0 і выйшла на чыстае 2-е месца, а магілёўскі «Дняпро» – на 3-е месца, абыграўшы на сваім полі «Нафтан» – 2:1.

МТЗ-РІПА прайграў у Жодзіне «Тарпеду» – 1:2 і трывала асеў на перадапошнім месцы ў чэмпіянаце. А вось «Віцебск», наадварот, пакінуў зону вылету, забіўшы аўтсайдэру «Смаргоні» тры мячы ў гасцях – 0:3.

Іншыя вынікі:

«Мінск» – «Граніт» – 1:0, «Смаргонь» – «Віцебск» – 0:3, «Гомель» – «Шахцёр» – 2:1, «Тарпеда» Жодзіна – МТЗ-РІПА – 2:1.

Турнірнае становішча пасля 18 тураў:

БАТЭ – 41, «Дынама» Мінск – 31, «Дняпро» – 29;

«Нафтан», «Шахцёр», «Тарпеда» – 28, «Нёман» – 27, «Гомель» – 25, «Мінск» – 23, «Дынама» Брэст, «Віцебск» – 22;

«Граніт» – 20, МТЗ-РІПА – 16, «Смаргонь» – 8.

БАТЭ і «Смаргонь» правялі на гульню меней. Да канца чэмпіянату засталося восем тураў.

***

Нагадаем, што ў чацвер, 17 верасня, БАТЭ ў Лісабоне, на «Эштадзіу да Луш» згуляе ў першым туры групавога турніру Лігі Еўропы з тамтэйшай «Бенфікай».

Лісабонцы ў нядзелю ў туры чэмпіянату Партугаліі гулялі ў гасцях з «Белененсэшам» і упэўнена выйгралі з лікам 4:0.

Вызначыліся Хаўер Савіёла, Оскар Кардоза, Хаві Гарсія ды Рамірэс. У мінулым туры, 31 жніўня, «Бенфіка» выйграла ў «Віторыі» з Сэтубала з лікам 8:1.

Пасля чатырох тураў «арлы» разам з «Порту» маюць па 10 балаў і дзеляць другі радок у чэмпіянаце Партугаліі.

На першым месцы ідзе каманда з неадназначнай для беларускага сэрца назвай - «Брага».

***

Іншы супернік БАТЭ па Лізе Еўропы ліверпульскі «Эвертан» (з ім БАТЭ гуляе 1 кастрычніка ў Мінску) прайграў у нядзелю ў гасцях лонданскаму «Фулхэму» з лікам 1:2.

Прычым «Эвертан» спачатку адкрыў лік (на 33-й хвіліне вызначыўся аўстраліец Цім Кэхілл, але потым прапусціў два мячы ад Канчэскі і Дам’ена Дафа). Клуб застаецца на 18-м месцы ў турнірнай табліцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?