Самай паспяховай дзіцячай стужцы «Беларусьфільма», «Дзяўчынка шукае бацьку» — 50 гадоў. Піша Павал Касцюкевіч.

Фота з архіву Музею беларускага кіно.

Фота з архіву Музею беларускага кіно.

Пяцьдзясят гадоў таму нашым, тады малым, мамам і татам беларускія гарады маглі прапанаваць няшмат забаваў: пясочніца і гульня ў «штандар» у двары. Ні табе діцячых кавярняў і паркавых атракцыёнаў, ні табе тэлевізара, які тымі гадамі быў у лічаных наменклатурных кватэрах. Каткі на вольным паветры — месца знаёмства маладых беларусаў — і танцы ў камплекце з бойкай «раён на раён» былі хутчэй для старэйшых. Таму паход у кіно рабіўся амаль адзінай атракцыяй для савецкіх беларусянятаў.

Мая маці Ала Касцюкевіч (Чуткіна), 54 гады, распавядае: «Двойчы на тыдзень, у сераду і пятніцу, у піянерлагеры паказвалі кінакарціну. Найвялікшым засмучэннем было, калі глядзіш з усімі дзецьмі да прыкладу «Фанфан-цюльпан», а важаты пачынае крычаць на ўсю залю: «Чуткіна, на выхад — бацькі прыехалі». І ты мусіш падымацца, мінаючы праз рады шчаслівых дзетак, да якіх бацькі прыязджаюць у нармальныя аўторкі ці суботы, і клэпаць як дурань да выхаду».

Дзеці гадаваліся на дарослых фільмах, якія мелі элементы дзіцячага кіно, напрыклад поўны паглядных для дзіцячага вока батальных сцэнаў «Аляксандр Неўскі», або прыгодніцкія «Чапаеў» ці «Фанфан-Цюльпан». У 50-ыя і на пачатку 60-ых чыста дзіцячых фільмаў было вобмаль, «Марозка» ды «Міколка-паравоз». У Мінску заўсёды набткаваная зала была ў адзіным кінатэатр для дзяцей, які не мудруючы назвалі «Дзіцячы» (цяпер у яго памяшканні Малая сцэна Купалаўскага тэатра), дзе па коле круцілі адныя і тыя ж фільмы.

«Дзяўчынка шукае бацьку» быў адзін з улюбёных дзіцячых фільмаў, — працягвае Ала Касцюкевіч, — тут табе і прыгодніцкае кіно: пагоні і перастрэлкі, а таксама папулярная тэма партызанаў і немцаў, цяперашняй мовай гэты фільм можна назваць трылерам або баявіком. І галоўная гераіня, дачка бацькі Панаса, яскрава сыграла… І хопчык гэты, галоўны герой. Усе ведалі, што ён быў у «Міколцы-паравозе», і дзеці прымалі «Дзяўчынку» як працяг «Міколкі»: там грамадзянская вайна, а тут — Айчынная. У дадатак, паколькі гэта быў беларуская стужка ўжо пазней яго без канца круцілі па нашым адзіным тэлеканале, мы паглядзелі яго пэўна разоў сто».

1. Гэтая дзяўчынка…

На галоўную ролю 5-гадовую Аню Камянкову выбралі з больш чым 900 прэтэндэнтак. Цеснае супрацоўніцтва з маскоўскмі кінастудыямі і агульная картатэка дазволіла шукаць дзяўчынку не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Урэшце ўсюдыісныя памрэжы (памочнікі рэжысёра) знайшлі пасоўную кандыдатуру ў адным з маскоўскіх двароў: маленькая дзяўчынка імпэтна і ўцешна вучыла ўвесь двор нейкай новай гульні. Ужо тады ў Ані ўгададваўся моцны энергетыка і здольнасці да твараробства.

Калі рэжысёр будучай стужкі, Леў Голуб, які ўжо намеціў на галоўную ролю іншую дзяўчынку, знаёміўся з Аняй, тая ўразіла яго сваёй непасрэднасцю. Пачуўшы яго імя, яна выгукнула: «Леў?!... А чаму тады не за кратамі?» І рэжысёр, аўтар «Міколка-паравоз», выбраў менавіта Аню. І гэта прынесла плён. Адразу пасля выхаду фільма «Звязда» пісала: «Добрую палову поспеху карціне забяспечыла ўменне рэжысёра знайсці такую таленавітую выканаўцу, як Аня Камянкова. Прыродная абаяльнасць, шчырасць у выяўленні пачуццяў з самага пачатку забяспечыла ёй сімпатыі гледачоў. … Карпатлівая, старанная работа рэжысёра з маленькай актрысай дала добрыя вынікі».

Для самой Камяновай «Дзяўчынка шукае бацьку» зрабілася запрашальнікам у акторскую кар'еру. Цяпер яна шмат здымаецца, а яшчэ больш агучвае. Праз 49 гадоў у сваім інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню ўжо вядомая расійская акторка Анна Камянкова скажа: «Патрэбна была дзяўчынка гадоў 7-8, а мне ж ўсяго-толькі 5, дык хацелася гуляць, а не здымацца штодня… Але адчуванне цуда засталося: гэтыя здымкі ў таямнічым беларускім лесе, гэтыя абеды здымкавай групы на паляне… Гэты фільм як бы запрасіў мяне ў казачны свет».

2. Трылер пра партызан і немцаў.

У 1958 годзе 153 дні Мазыр стаяў на вушах. Ці жарты: тут здымаўся фільм. У Савецкім Саюзе тады штогод рабілася якіх пару дзясяткаў фільмаў і таму для правінцыйнага Мазыра здымкі былі знакавай падзеяй. А, можа, рэч была ў ганарары: кіношнікі актыўна бралі мясцовая жыхарства для масоўкі. За асалоду трапіць у вечнасць тады плацілі 10 рублёў на дзень. А можа таму, што на кастынг (хоць словаў тады такіх не ведалі) запрасілі ледзьве не усё дзіцячае насельніцтва гораду. Просьбу памочнікаў рэжысёра прыводзіць дзяцей на спробы толькі ў рызманах мазырцы праігнаравалі: праслухоўванне па нязводнай беларускай завядзёнцы дзяўчынкі прыходзілі ўбраныя ў святочныя шаты, з навязанымі бантамі. І таму ў фільм трапілі збольшага тыя дзеці, чые мамы пайшлі супраць вады і сапраўды апранулі сваіх дзетак у лахманы.

У сваю чаргу, кіношнікі таксама не давалі расслабіцца месцічам. Аднойчы адпушчаныя на абед акторы, якія гралі нямецкіх жаўнераў, пайшлі сабе на гарадскі рынак, так — не пераапранаючыся, у форме. Кажуць, што са страху мясцовыя кабеты палезлі пад прылавак. А што вы думаеце —- якіх 14 гадоў па вайне мінула…

Што не паспелі засняць у Мазыры аўтары «Дзяўчынкі шукае бацьку» здымалі ў будынку мінскага Чырвонага Касцёла. Ня дзіва: тады там месціліся павільёны «Беларусьфільма», і між муроў бажніцы паўставалі інтэр'еры вясковай хаты і гарадской камендатуры.

Дарэчы, гэта быў ці не першы дзіцячы фільм у гісторыі савецкага кіно, які здымалі на каляровай плёнцы. Па вялікім рахунку гэта была нямецкая плёнка, трафейная тэхналогія, якой немцы здымалі яшчэ Алімпійскія гульні 1936-га года ў Берліне. Дарма што інавацыя, аднак большасць гледачоў убачыла гэты фільм у чорна-белым фармаце. Чаму? Рэч у тым, што на нейкім этапе «Беларусьфільм» зрабіў крок назад: каляровая плёнка хутка, праз сотню паказаў, сціралася, і было вырашана такой бяды зрабіць чорна-белых, больш трывалых, копіяў стужкі.

3. Дзяўчынка не шукала бацькі.

Назва стужкі стала замацавалася ў памяці, хаця калі па шчыраці, яна супярэчыць сюжэту. Бацьку, камандзіра партызанскага атраду і былога сакратара райкама Мікуліча, шукаюць і жук і жаба: злосныя паліцаі, падступны стараста, фашысты, але толькі не дачка. Сама малая Леначка, што трапіла ў хату лясніка пасля бамбёжкі, падчас якой загінула маці, перкананая, што бацька ў чарговай камандзіроўцы. У стужцы хутчэй наадварот: партызан, бацька Панас ідзе на ўсё, нават пераапранаецца ў нямецкага палкоўніка, і патрапляе ў логава нямецкага каменданта Гюнтэра, каб забраць сваю дачку.

На назву, пэўна, паўплываў выгін лёсу аднаго з суаўтараў сцэнару, Кастуся Губарэвіча: драматычным чынам ён сам мусіў шукаць дачку. У першыя дні вайны Губарэвічу, тады супрацоўніку беларускай кінастудыі, быў аддадзены загад неадкладна эвакуявацца да прыходу немцаў разам з іншымі супрацоўнікаммі кінастудыі. Ён нават не паспеў адведаць дачку і жонку. На колькі гадоў сям'ю падзяліла глухі мур лініі фронту. І толькі пасля вызвалення Губарэвіч вярнуўся ў Мінск, дзе досыць доўга шукаў дачку.

4. Як працяг «Міколкі-правоза».

Леў Голуб у сваім фільме зрабіў стаўку на дзетак. Стужка атрымалася дзякуючы больш дасведчанаму актору Вове Гуськоў, які граў унука лесніка. Гуськоў быў вядомы па галоўнай ролі ў фільме «Міколка-паравоз» таго ж рэжысёра. Пасля дзіцячых роляў яго акторскі лёс не склаўся: ён сыграў яшчэ ў «Андрэю Рублёве», і канчаткова памяняў прафесію — пайшоў вучыцца на інжынера.

Яшчэ адной знаходкай Голуба можна лічыць дзяўчынку Нюшку, сяброўку Лены і Янкі, якая шыпялява вымаўляе каронную фразу фільма: «Ужас, ужас, шуматоха!»

На «дарослым» жа роўні Голуб і яго каманда як маглі змагаліся са штампамі: з пашыраным у паваенным кінематографе вобразе тупавата-хцівых фашыстаў, а таксама дзетак, з пялюшак прасякнутых савецкай ідэалогіяй. Дырэктар музея беларускага кінематогафа Ігар Аўдзееў лічыць, што сакрэт поспеха «Дзяўчынка шукае бацьку» ў тым, што ў стужцы ўсё зроблена паводле канонаў старога добрага прыгодніцкага жанра: усе сюжэтныя хады строга, па-жыццёваму, абумоўленыя, а ў кут ставіцца захапляльнасць, вастрыня сюжэту, а не ідэалогія. Немцы ў стужцы не закончаныя злыдні, а хутчэй класічныя адмоўныя героі. Сілы Ліха дзейнічаюць са сваёй жалезнай логікай, і ў гледача з'яўляецца давер да сюжэту. Калі хто пабіты агітацыйным шаржам, дык гэта памагатыя галоўных адмоўных герояў — паліцаі. Калі ідэалагічныя пасыл у фільме і існуе, дык у аблегчаная, «дзіцячай» версіі. Дзеці, Лена і Янка, як і ўсякія дзеці, часам не да канца разумеюць, што робіцца вакол іх, або што яны дзейснілі гераічны вычын, гэта выходзіць у іх хутчэй ад дзіцячай шчырасці, па інтуіцыі. Рэжысёр не спрабуе ўзваліць на Лену і Янку ідэалагічнага цяжару, як тое робіцца ў іншых фільмах савецкай пары.

6. Ахвяры фільма.

Падчас здымкаў не было забіта ніводнай жывёлы — хаця гэта цалкам было магчыма. «Уладзімір Голуб быў вялікім прыхільнікам матэрыялізму, — кажа Алег Аўдзееў, аператар фільму. — Калі паводле сюжэту паліцаі павінны жлукціць самагон, дык Голуб абавязкова настоіць, каб з палескай вёскі прынеслі первача, і акторы за сталом бяруць сапраўдную чарку. Ці варта казаць, што праз пару дубляў здымкі застольных сцэнаў на дзень перарываюцца». Нават форма на акторах, што гралі фашыстаў, была сапраўдная, трафейная. Балазе пасля вайны частка захопленага нямецкага абмундзіравання трапіла ў савецкія кінастудыі.

І вось, калі паводле сцэнара патрабуецца зняць сцэну забойства сабакі, Голуб пачанае патрабаваць сапраўды застрэліць жывёліну. Але аператар фільму, пашкадаваўшы прыўдалага Рэкса, прапануе хітрык: прывязвае да пярэдняе лапы сабакі вяровачку. Калі сабаку клікалі, дык той скокнуў на гук і паваліўся як падкошаны, але жывы.

7. Глядзелі разоў сто.

Наастатак толькі любыя для кожнага блокбастэра лічбы: фільм «Дзяўчынка шукае бацьку» зрабілася лідарам пракату, сапраўдным блокбастэрам: толькі за 1959 год, толькі ў Савецкім Саюзе, яго паглядзела 35 мільёнаў чалавек. Да таго ж, фільм зрабіўся абсалютным рэкардоўцам сярод беларускіх фільмаў паводле заказаў: для пракату ў сваіх кінатэатрах яго купіла 83(!) краіны свету.

Паглядзець стужку, якой захапляліся вашы мамы і таты, можна 16 верасня а 12-й будынку музею беларускага кіно (Свярдлова, 4, недалёк ад плошчы Незалежнасці).

Павал Касцюкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0