17 верасня спаўняецца 50 гадоў першаму рэдактару адноўленай «Нашай Нівы» Сяргею Дубаўцу. За дзень да гэтага, у сераду, у Белдзяржфілармоніі ў Малой зале імя Рыгора Шырмы а 18:00 пройдзе прэзентацыя новай кнігі Дубаўца «Як?», што з'явілася ў кніжнай серыі радыё «Свабода». Напярэдадні юбілею Сяргей Дубавец адказаў на пытанні «НН».

 Фота Андрэя Лянкевіча.

Фота Андрэя Лянкевіча.

«Наша Ніва»: З вышыні паўвекавога юбілею, што бачыцца найбольш важным, зробленым у жыцці?

Сяргей Дубавец: Не ведаю, што такое вышыня юбілею, ніяк гэта з сабой не стасую. Маё жыццё не лінейнае, яно як хвост яшчаркі. Кожныя 10—13 гадоў пачынаецца новае, а ранейшае ўжо не маё, а чыёсьці. Няхай хтосьці і разбіраецца, што там зроблена і што важнае.

«НН»: А аб чым-небудзь шкадуеце, нешта хацелася б зрабіць інакш?

СД: Я веру ў лёс. А лёс мяне ўсё жыццё здзіўляў толькі ў лепшы бок. Сэнкс э лот, сэр. Спадзяюся, так будзе і далей.

«НН»: 16 верасня ў Літву прыязджае Лукашэнка. Якое Ваша стаўленне да гэтага візіту? Ці правільна, на Вашу думку, робіць Захад, пачаўшы збліжэнне з Лукашэнкам?

СД: Лукашэнка ўвасабляе краіну і народ, нас з табой. Так выйшла, і ніхто гэтае дадзенасці не перамог, як ні стараліся. А калі так, дык чым больш адкрытым і блізкім будзе для нас свет, тым лепей, бо гэта першая ўмова таго, што нам вальней будзе жыць у сябе дома.

«НН»: А што рабіць апазіцыі, ці варта ёй удзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах?

СД: Варта ўдзельнічаць ва ўсім, што спрыяе пашырэнню беларушчыны.

«НН»: А калі прэзідэнт Беларусі пачне размаўляць па-беларуску?

СД: Або пасля таго, як па-беларуску загаворыць апазіцыя, або пасля таго, як апазіцыя перастане што-небудзь значыць.

«НН»: Як спыніць русіфікацыю?

СД: Русіфікацыя — з’ява субардынацыйная. Калі ты па-за субардынацыяй, лічы, што ты яе спыніў.

«НН»: Хто сёння ёсць увасабленнем беларускага нацыяналізму?

СД: Мова.

«НН»: У адным з нядаўніх эсэ Вы напісалі, што мы цяпер жывём у блаславёныя часы. Няўжо беларусы не здольныя на большае?

СД: Лепшых часоў за гэтыя ў агляднай гісторыі не было.

«НН»: Некалі Вы прапанавалі формулу Беларушчыны «мова—вёска—Вільня». Ці час не паказаў яе памылковасць?

СД: Не. Мова нас лучыць і адрознівае ад іншых (а што яшчэ?). Вёска — наша метафізічная зямля і наша метафізічнае цела, на чым стаім і чым ёсць самі. Вільня — наш Арарат, наша вяршыня па-над далінаю Беларусі, горад нашых самых высокіх мараў і самых патаемных жаданняў. У беларускай паэзіі ёсць толькі адзін горад-вобраз — Вільня.

«НН»: А што ўласна беларускага яшчэ засталося ў Вільні?

СД: Тое, што і было заўсёды — сям’я, школа, царква, рынак, мастакі і паэты... Ну і пяць тысяч памятных мясцін гісторыі і культуры.

«НН»: Што з маладой беларускай літаратуры стала для Вас пазітыўным адкрыццём апошніх гадоў?

СД: Крыху раней Жыбуль. Цяпер Рыжкоў, які не эпатуе, але здзіўляе. Хадановіч — наш Маршак. «Тры мудрацы ў адным тазу»...

«НН»: Чаму часы незалежнасці не далі пісьменнікаў узроўню Адамчыка, Мележа, Танка? Чаму так мала раманаў пішацца?

СД: Такія рэчы не інспіруюцца. Яны ёсць або не. Мы можам гаварыць пра інфраструктуру. Скажам, Сева Сцебурака можа выкачацца ў суперскага паэта. А Паліна Качаткова ў класнага празаіка. Хто ім падкіруе шлях і рэальна дапаможа? Раней гэтым займаліся часопісы. У часопісах працавалі Алесі Масарэнкі — Яны Прадцечы, якіх «заводзіла» ад наступнікаў, а не ад саміх сябе. Сёння такога няма. Дайце мне часопіс, і я дам вам Адамчыкаў і Мележаў. Новых, натуральна. Не ведаю, ці насамрэч раманы для таго, каб характарызаваць эпоху, і ці гэтага мы ў іх шукаем. Якраз эпоху ў Адамчыка і Мележа хочацца падкарэктаваць здаля.

«НН»: Ці пішацца Ваш раман?

СД: Гэта сённяшнія «Бесы». Пры спрыяльным збегу абставінаў я іх дапішу.

«НН»: Чаго Вам не хапае ў беларускай культуры?

СД: Мне ўсяго хапае. Культуры не хапае здаровай экспансіі, адпаведных жанраў і формаў. Але гэта яе пытанне да мяне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?